У Беларусі з'явіцца сховішча радыеактыўных адходаў. Гэта небяспечна?
Сховішча радыеактыўных адходаў — небяспечна? / pixabay.com
"Нагадаем: на этапе будаўніцтва БелАЭС шматкроць дэкларавалася, што радыеактыўныя адходы будуць вывозіцца для перапрацоўкі і захоўвання ў РФ", — каментуе тэлеграм-канал "Эканоміка Беларусі" навіну пра будаўніцтва сховішча радыеактыўных адходаў, якое мусіць з'явіцца ў нашай краіне ў 2030 годзе.
Ці бяспечна мець такое прадпрыемства, улічваючы сітуацыю ў Беларусі, эканамічны крызіс і агульны недавер да рэжыму Лукашэнкі? На гэтую тэму Еўрарадыё паразмаўляла з дырэктарам АНА "Атамінфа-Цэнтр" Аляксандрам Уваравым.
Небяспечныя адходы — у Расію
У Расіі выразна раздзяляюць радыеактыўныя адыходы (РАА) і адпрацаванае ядзернае паліва (АЯП). АЯП — найбольш небяспечныя адходы, якія выгружаюцца з рэактараў пасля працы.
У РФ не збіраюцца захоўваць АЯП ні ў якіх сховішчах, таму што, па-першае, для яго патрэбнае сховішча, якое будзе працаздольнае прыкладна 100 тысяч гадоў, а па-другое, АЯП — гэта, увогуле, каштоўная сыравіна для атамнай энергетыкі. Таму ў Расіі АЯП перапрацоўваюць.
Расія адразу прапанавала забіраць АЯП беларускай атамнай станцыі для перапрацоўкі. Пасля доўгіх узгадненняў, наколькі я разумею, пытанне вырашанае. Дзесьці ў 2032 годзе ці крыху пазней першая партыя АЯП будзе адпраўленая ў Расію, дзе будзе праведзеная перапрацоўка.
Што будзе захоўвацца ў беларускім сховішчы?
Акрамя АЯП падчас працы АЭС утвараюцца іншыя адходы, дзе няма ўрану і плутонію, непрыемных для захоўвання. Гэтыя адходы трэба пахаваць на не надта працяглы тэрмін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.