Ядзерныя адкіды з БелАЭС могуць захоўваць на Палессі
"Гіпатэтычна мы бачым гэты рэгіён як патэнцыйны для размяшчэння" / Ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Ядзерныя адкіды з БелАЭС могуць захоўваць на Палессі. Такі варыянт не выключае начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі МНС Беларусі Дзмітрый Паўлаў. Паводле яго слоў, гэта можа быць тэрыторыя Палескага радыяцыйнага запаведніка.
"Гіпатэтычна мы бачым гэты рэгіён як патэнцыйны для размяшчэння, можа быць, нават адзіны пункт пахавання радыеактыўных адкідаў, — кажа Паўлаў. — Але калі дазволяць умовы".
Мяркуецца, што ў адзіным пункце пахавання будзе захоўвацца 95% адкідаў з БелАЭС, астатнія — з іншых аб'ектаў. У бліжэйшы час тэрыторыю запаведніка даследуюць. Як вядома, у 1986-м пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС яна падверглася забруджванню стронцыем, цэзіем, там выпадала ядзернае паліва. Месца для захавання радыеактыўных адкідаў мусіць з'явіцца ў бліжэйшае дзесяцігоддзе. Дарэчы, пра яго неабходнасць чыноўнікі згадваюць не першы год, але яшчэ ніколі не называўся рэгіён, які разглядаецца для пабудовы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.