У "Мінэнерга" ужо не называюць тэрмін уводу ў эксплуатацыю другога блока БелАЭС
Беларуская АЭС / Еўрарадыё
У "Мінэнерга" перасталі называць дакладныя тэрміны ўводу ў эксплуатацыю другога энергаблока Беларускай АЭС.
"Першы энэргаблок БелАЭС уведзены ў эксплуатацыю, другі будзе ўведзены. Праводзяцца пусканаладачныя работы. Будаўніча-мантажная гатоўнасць — больш за 96%. Работа праводзіцца ў строгай адпаведнасці з прынятымі праграмамі і пастаўленымі задачамі", — перадае БЕЛТА словы міністры энергетыкі Віктара Каранкевіча.
Раней абвяшчалася, што ўвод другога энергаблока ў эксплуатацыю прызначаны на 2022 год. Аднак сёлета ў красавіку першы энерга,лок быў выключаны з энергасеткі на паўгода. Уключылі яго толькі 9 лістапада — як заявілі ў ведамстве, "пасля завяршэння планавых рэгламентных работ і дадатковых выпрабаванняў".
Разам з тым Каранкевіч паведаміў пра карысць ад працы першага энергаблока: "З моманту ўключэння ў сетку выпрацавана больш за 9,6 млрд кВт/гадз. электраэнергіі, што дазволіла замясціць больш за 2,5 млрд кубаметраў прыроднага газу. Гэта дае значны эфект і для экалогіі. З улікам уводу двух энергаблокаў замяшчэнне прыроднага газу складзе каля 4,5 млрд кубаметраў, а скарачэнне выкідаў вуглякіслага газу ў атмасферу — больш за 7 млн т".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.