У Брэсце аднаўляецца суд па справе грамадскага актывіста Віталя Каўша
Пракурор мусіў мяняць формулу абвінавачання.
Са словаў праваабаронцы Рамана Кісляка, у абвінавачанні няправільна былі прапісаныя імёны індусаў, якіх летась у траўні затрымалі на беларуска-польскай мяжы.
Нагадаем, 27-гадовага Віталя Каўша, бацьку двух малых дзяцей, вінавацяць "у спрыянні незаконнай міграцыі". Нібыта, ён дапамог васьмі індусам у іх спробе прайсці над кантрольна-следавай паласой па канаце.
Коўш быў затрыманы ў верасні 2012-га. Два дні пра яго не было звестак. Потым родныя знайшлі яго ў следчым ізалятары. У кастрычніку ў інтэрнэце з’явіўся відэаролік, у якім двое індусаў, трымаючы перад сабой пашпарты, казалі, што ў Брэсце іх змусілі агаварыць невядомых людзей.
Працэс пачаўся перад Новым годам. Брэсцкі раённы суд адмовіўся разглядаць выказванні індусаў з інтэрнэту і выклікаць іх як сведкаў. У студзені і лютым пасяджэнні два разы адкладваліся.