У ЕГУ ўручылі стыпендыю, заснаваную Уладзімірам Някляевым
З ініцыятывы экс-кандыдата ў прэзідэнты і паэта была заснаваная стыпендыя імя пісьменніка Міхася Стральцова. Сёлета яна ўручаецца ўпершыню.
Памер стыпендыі складае 1000 долараў. Выплочвацца яна будзе на працягу года.
Як паведаміла ў эфіры Еўрарадыё супрацоўніца Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяна Рудзінскене, пераможцам стаў другакурснік Антон Уласенка. Ён падаў на конкурс эсэ пад назвай "Мой народзе".
Удзел у конкурсе прапанавалі прыняць усім студэнтам бакалаўраўскай школы. У журы конкурсу ўвайшлі прадстаўнікі адміністрацыі ЕГУ, у тым ліку рэктар універсітэта Анатоль Міхайлаў.
Па словах Рудзінскене, эсэ-пераможца будзе размешчанае на афіцыйным сайце ЕГУ. Таксама ўніверсітэт паспрабуе апублікаваць яго ў іншых медыях.