У Гомелі “маўклівая акцыя” прайшла пад парад МНС (фота)
Плошчы Леніна і Паўстання, якія знаходзяцца ў цэнтры горада, былі перакрытыя. Тым не менш людзі ўсё адно сабраліся.
Так, ужо амаль за гадзіну да пачатку акцыі на плошчу Леніна прывезлі курсантаў МНС, якія пачалі хадзіць маршам з чырвона-зялёнымі дзяржаўнымі сцягамі. А на плошчы Паўстання зладзілі шчыльную паркоўку для гарадскіх аўтобусаў: вольнага месца там зусім не засталося.
“Рэвалюцыянеры” збіраліся ля помніку Кірылу Тураўскаму і каля Палацу Спорту. Акцыя пачалася крыху пазней, чым планавалася, але ўжо а 19:10 толькі натоўп ля помніку быў больш, чым было людзей у мінулую сераду.
Удзельнікі акцыі перыядычна пляскалі ў далоні, але выгукаў чуваць не было. Аўтамабілі, што праязджалі паўз помнік, сігналілі. Натоўп у адказ пляскаў у ладкі. Роўна а 19:30 людзі пачалі разыходзіцца, пакінуўшы міліцыянтаў і МНСаўцаў на плошчы.
Звестак аб затрыманнях няма.