У Маскве нагадваюць пра Мірзаянава – фігуранта "справы 19 снежня"

Гэты расійскі грамадзянін чакае суда ў Мінску.

Сябра палітрады маскоўскай “Салідарнасці” Анастасія Рыбачэнка распавяла Еўрарадыё, што ўдзельнікі акцыі спачуваюць усім, хто трапіў у беларускія турмы.

Рыбачэнка: “Мы спачуваем усёй беларускай апазіцыі, усім людзям, якія зараз сядзяць у турмах. Але акцыю мы праводзім у першую чаргу ў яго падтрымку, бо мы лічым, калі МЗС адкажа ў падтрымцы гэтай асобе, у якой бацька рускі, ён згубіць свой твар, бо ён мае непасрэдныя дачыненні да Расіі. Калі яго пасадзяць, то гэта будзе азначаць, што Расія баіцца абараняць сваіх грамадзянаў і ставяць эканамічныя інтарэсы вышэй за правы чалавека”.

Напачатку акцыя меркавалася ў форме мітынгу. Але арганізатарам адмовілі ва ўзгадненні, таму яны зладзілі адзінкавыя пікеты каля будынку МЗС. Пікетоўцы раздавалі звароты ў МЗС і прасілі грамадзянаў аднесці у прыёмную і патрабаваць, каб суд над Мірзаянавым быў адкрыты і справядлівы. Зварот таксама плануецца перадаць міністру замежных справаў Расіі Лаўрову.

Рыбачэнка: “Наш зварот з подпісамі даволі вядомых асобаў – гэта Гары Каспараў, Барыс Нямцоў, Андрей Більжо мастак-карыкатурыст, Дзмітры Спірын – вакаліст гурта «Тараканы!», якому забаранілі выступаць у Беларусі. Усе яны падпісаліся, і гэтую заяву мы неўзабаве занясем. Таксама грамадзянаў просім, каб яны ад сябе прыватна заносілі аналагічны зварот, які мы раздаём”.

Нагадаем, што ў Мінску ўжо адбыліся суды над расійскімі грамадзянамі Брэўсам і Гапонавым. Яны атрымалі прысуды больш мяккія ў параўнанні з іншымі фігурантамі "справы 19 снежня".

Рыбчанка: “Гэта вельмі несправядліва. Я вельмі радая за Брэўса і Гапонава, да гэтага мы іх таксама абаранялі. Шкада, што шматлікія людзі, з той жа доказнай базай, а нават з яе адсутнасццю, атрымліваюць не менш за два гады і больш. Канешне, гэта несправядліва”.

Акрамя пікетаў плануецца прэс-канферэнцыя праваабаронцаў. Пра яе час будзе паведамляцца дадаткова.

Фота: adducommunity.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі