У Мінску легалізуюць стрыт-арт

Уладальнікі сталічнага хостэлу Jazz вырашылі разбавіць шэрыя колеры Мінска яркімі фарбамі вулічных малюнкаў. І пачалі з сябе, арганізаваўшы сумесна з альманахам “Сігнал” хэпенінг стрыт-арту. Каардынатар альманаха, Алег Ларычаў распавядае Еўрарадыё, што адзінае, з чым не здолелі справіцца – самі мастакі.

“Хостэл Jazz нам даў пляцоўку, а мы вырашылі даць магчымасць мастакам з розных гарадоў паказаць сябе. Мы ставілі тэму, але ў выніку мала што з гэтага атрымалася. Спачатку тэма была “Падарожжы, невядомая Беларусь, мабільнасць”. Але ўсе мастакі гэта зразумелі па-свойму”.

Малюнкі на вялікай жалезабетоннай сцяне ля хостэла насамрэч мала нагадваюць пра падарожжы. Аднак гэта не робіць іх менш цікавымі. Юля з Гомелю, узброіўшыся вялікай колькасцю балонаў з аранжавай фарбай, малюе партрэт таямнічай самадастатковай жанчыны ў вялікіх акулярах. Гаворыць, што проста настрой такі.

“Я жанчыну малюю. На самой справе эскіз напачатку быў адзін. Але сёння вось настрой іншы, і я вырашыла падпарадкавацца яму. І вырашыла проста жанчыну намаляваць. Ніякага глыбокага сэнсу тут няма. Я спадзяюся, што яна будзе радаваць мужчын сваім рудым колерам”.

Мужчын дакладна будуць радаваць Жанчыны – яны такія. Асабліва калі добра і якасна намаляваныя. Мастачка расказвае, што даўным даўно закінула займацца нелегальнымі роспісамі. Зараз з Юляй кантактуе нават адміністрацыя горада – просяць размаляваць шэрыя сцены.

Легальную працу выбірае і Яўген з Пінску. Ля сталічнага хостэла ён малюе Папараць-кветку. Кажа, што лепш зрабіць добры малюнак за некалькі дзён, чым абы-што за пяць хвілін.

“Мне больш падабаецца легальна маляваць. Тады можна больш часу патраціць, лепш прамаляваць штосьці. Калі нелегальна – то якасна складана зрабіць нейкую працу. Калі 5 хвілін на яе маеш, то якасна складана зрабіць. А калі некалькі дзён – гэта будзе глядзецца і радаваць вока. Я трымаюся такога падыходу”.

Мастакі стрыт-арту, з якімі паразмаўляла Еўрарадыё, як адзін, выступаюць за легальнае мастацтва. Гавораць, што у беларускіх гарадах хапае шэрых і нікому не патрэбных сцен, якія можна ператварыць у сучаснае і вясёлае мастацтва. Найскладаней з гэтым у сталіцы. Беларускія ўлады быццам баяцца, што моладзь пачне маляваць на сценах “нешта не тое”.

Як даведалася Еўрарадыё, на адным хостэле арганізатары імпрэзы не спыняцца. Ужо праз два тыдні размалёўка чакае хостэл Traveler. З такімі тэмпамі, глядзіш, яны і да гатэляў дабяруцца. А за імі могуць і праспекты размаляваць – во дзе будзе забава!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі