Участковы цікавіўся, ці з'яўляецца Барозу службовай асобай Беларусі
Віцебскі праваабаронца прапанаваў міліцыі прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці за абразу кіраўніка Еўракамісіі.
Віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава сёння апытаў міліцыянт па факце выказванняў Лукашэнкі на адрас кіраўніка Еўракамісіі Жазэ Мануэля Барозу. Нагадаем, 26 красавіка сёлета ў Нароўлі Лукашэнка назваў Барозу "казлом".
Праваабаронца звярнуўся да начальніка Нараўлянскага РАУС і папрасіў пачаць адміністрацыйны працэс у адносінах кіраўніка Беларусі. Левінаў пры гэтым спасылаецца на пастанову віцебскага суда, які ў жніўні 2010 года кваліфікаваў слова "казёл" як знявагу, якая прыніжае гонар і годнасць асобы, выказанае ў непрыстойнай форме.
Пасля сённяшняга апытання Еўрарадыё паразмаўляла з Паўлам Левінавым.
Еўрарадыё: Як прайшло апытанне ў міліцыі і пра што пыталі?
Левінаў: “Не доўга яно было. З Нараўлянскага РАУСа, на тэрыторыі якога грамадзянін Лукашэнка абаваў кіраўніка Еўракамісіі Барозу "казлом", прыйшоў запыт апытаць мяне. Задалі мне толькі два пытанні: адкуль мне стала вядома пра гэта і ці з’яўляецца Барозу службовай асобай Беларусі. Тлумачэнне сёння браў мой участковы інспектар маёр Аляксандар Лісічонак.
Я патлумачыў, што мне аб гэтым стала вядома ад супрацоўнікаў міліцыі цэнтра ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама, дзе я адбываў адміністрацыйны арышт. Ад іх я ўпершыню пачуў, што Лукашэнка нядобра адгукаўся пра кіраўніцтва Украіны і аб кіраўніку Еўракамісіі. Адказваючы на другое пытанне, я патлумачыў участковаму інспектару, што Адміністрацыйны кодэкс не падзяляе службовых асобаў на “сваіх” і “чужых”. Ёсць артыкул "абраза службовай асобы”.
Еўрарадыё: Цяпер міліцыя павінна даць нейкі афіцыйны адказ?
Левінаў: “Канешне. Акрамя таго я да заявы, спецыяльна для участковага інспектара, зняў копію з “Белтэлерадыёкампаніі”, запіс гэты, дзе Лукашэнка кажа гэтыя словы. Зараз я чакаю адказу. І або будзе пачаты адміністрацыйны працэс, або мне будзе адмоўлена. Але афіцыйны адказ будзе і ў залежнасці ад яго, я буду планаваць свае далейшыя дзеянні”.
Еўрарадыё: А калі павінна быць прынятае нейкае рашэнне?
Левінаў: “Да 26 чэрвеня суд ужо павінен разгледзець. Трэба скласці пратакол, накіраваць у суд. У суд павінен быць выкліканы грамадзянін Лукашэнка і з усімі выцякаючымі наступствамі, суд павінен прыняць пастанаўленне. Але як будзе, мне невядома”.