Удзельніка мона-марафону ў падтрымку Бяляцкага выклікалі ў міліцыю
Аднак прэтэнзіяў да бегуна міліцыянты не маюць, бо не бачаць правапарушэння.
Пра свой паход ў міліцэйскі пастарунак Еўрарадыё распавёў сам марафонец, брэсцкі праваабаронца Уладзімір Малей.
Малей: "Даў тлумачэнні, што — так, займаюся бегам, прапагандую здаровы лад жыцця. Бегаю ў майцы, у якой мне падабаецца. У той дзень на мне была майка з фотаздымкам Алеся Бяляцкага і надпісам "Свабоду Алесю Бяляцкаму!"
Участковы Ленінскага РАУСа не адмаўляў, што загад правесці праверку прыйшоў "зверху" — ад абласной міліцыі. Нагодай для гэта сталіся публікацыі пра акцыю праваабаронцы ў інтэрнеце.
Як паведаміў Малей, прэтэнзіяў да яго ў міліцыі не маюць. Дзеянні праваабаронцы не трапляюць пад "правядзенне несанкцыяванага масавага мерапрыемства", і адміністрацыйнае разбіральніцтва завершанае.
Нагадаем, што 4 жніўня Уладзімір Малей на знак падтрымкі Алеся Бяляцкага прабег вуліцамі Брэста ў майцы з яго выявай. Акцыя доўжылася каля паўгадзіны. Праваахоўнікі не ўмешваліся.