Ultra-Music Awards: Прэмія па-за шоў-бізам

130201_pilecki_premija.mp3

Выкананнем гімна Беларусі на чатырох шклянках з вадой пачалася прэс-канферэнцыя, на якой арганізатары прэміі Ultra-Music Awards абвясцілі пра сваіх намінантаў. Гэтаму моманту папярэднічала амаль двухмесячнае галасаванне. Спачатку арганізатары прэміі самі выбралі з усіх прэтэндэнтаў па 20 самых вартых у кожнай намінацыі. Што было далей — распавядае рэдактар сайта ultra-music.com Аляксандр Чарнуха:

“Гэтыя дваццаткі былі прапанаваныя сябрам вялікага журы, якое складаецца з 57 чалавек. Яны мусілі абраць па 5 кандыдатаў з прапанаванага спісу”.

Ultra-Music Awards існуюць з 2009 года. Летась хлопцы ўпершыню адзначылі ўручэнне прэмій канцэртам. Што праўда, у вялікі клуб Re:Public было прададзена ўсяго 90 квіткоў. Гэту непрыемную акалічнасць тлумачыць заснавальнік прэміі Вячаслаў Радзівонаў:

“Практычна ўся беларуская музыка, пра якую мы пішам, — гэта класная музыка. Але яна знаходзіцца ў андэграўндзе. Гурт “Аддис-Абеба” па тэлевізары не паказваюць. І Irdorath не паказваюць. Plum Bum не паказваюць… Не будзем казаць, што ў нас адны выдаткі. Але зарабіць што-небудзь пакуль не можам”.

То бок, Ultra-Music Awards мяркуюць, што існуюць па-за беларускім шоў-бізнэсам. Але застаюцца адной з сямі беларускіх музыкальных прэмій, якія, калі адбудзецца “Рок-каранацыя”, будуць уручаныя па выніках 2012 года. Намінанты амаль ва ўсіх аднолькавыя. І, тым не менш, пасля ўсіх прэмій у Беларусі можа існаваць адразу 6-7 розных галоўных гуртоў года.

Вячаслаў Радзівонаў (абвяшчае намінантаў): “І, нарэшце, гурт года. Akute, “Дай дарогу!”, “Серебряная свадьба”. Пераможцаў мы назавем 22 лютага ў клубе “Цэнтр”.

Akute ужо сталі героямі 2012 года на “Тузіне гітоў” і разам з “Дай дарогу!” падзялілі “гран-пры” музычнай прэміі Еўрарадыё “Даём рады”. “Серебряная свадьба”, без сумневаў, не застанецца па-за ўвагай сайта Experty.by. Так што інтрыга сёлета не ў тым, які беларускі гурт лепшы, а ў тым, які набярэ больш каштоўных статуэтак.

Поўны спіс намінантаў UMA.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі