Вадзім Гігін з “чорнага спісу” чакае адказу з Еўрапейскага суда
Галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка” шукае справядлівасці ў еўрапейскай юстыцыі, хоць і не вельмі ёй давярае.
Вадзім Гігін, адзін з 188 грамадзян Беларусі, ўнесеных у “чорны спіс” Еўрасаюза, скіраваў скаргу ў Страсбургскі суд. Ён лічыць, што сваім рашэннем еўрапейскія міністры парушаюць, сярод іншага, другі артыкул Еўрапейскай канвенцыі па абароне правоў чалавека, якая гарантуе свабоду перамяшчэння
"Скарга падавалася з мэтай скарыстацца ўсімі юрыдычнымі механізмамі, каб адстаяць свае правы і абскардзіць процізаконныя дзеянні еўрапейскіх чыноўнікаў", — тлумачыць Еўрарадыё Вадзім Гігін.
У справядлівасць еўрапейскай юстыцыі ён асабліва не верыць. Але спадзяванні застаюцца.
Еўрапейскі суд запоўнены тысячамі скаргаў, якія чакаюць разгляду. Нават калі скарга адпавядае ўсім фармальным нормам і яе прымуць да разгляду, чакаць часам даводзіцца гады тры. Вадзім Гігін упэўнены, што так яно і будзе. Маўляў, зацягваць будуць адмыслова.
Вадзім Гігін: "Улічваючы, што рашэнне еўрабюракратаў было палітычна матываванае, яны пастараюцца зацягнуць працэдуру па максімуме".
Дырэктар адной з сярэдніх школ Пухавіцкага раёна Наталля Меркуль, якую ў “чорны спіс” дадалі за звальненне грамадскай актывісткі, таксама думае аб скарзе
"Я яшчэ нікуды не падавала, зараз канец года, заўтра іспыт, можа пазней калі", — паведаміла яна Еўрарадыё.
Нагадаем, цяпер у так званым чорным спісе — 188 грамадзян, якіх Еўрасаюз лічыць вінаватымі ў рэпрэсіях у Беларусі. Разам з тым Савет ЕС пакідае ім магчымасць усё ж трапіць у Еўропу і без доўгага чакання чаргі ў Страсбургскім судзе. Для гэтага трэба дакументальна растлумачыць беспадстаўнасць уключэння ў “чорны спіс”.