Зміцер Бандарэнка на волі (анлайн, фотарэпартаж, відэа)
Вызвалены палітык прыбыў у Мінск на аўтавакзал "Усходні" каля 14.15. Там ён сустрэўся з роднымі і сваякамі.
14.40 Бандарэнка выглядае добра, параўнальна з Андрэем Саннікавым. Праўда, ён вельмі схуднеў і скардзіцца на кепскае самаадчуванне.
Зміцер Бандарэнка заявіў, што збіраецца заставацца ў палітыцы. Ён адзначыў, што апошнім часам ставіліся да яго добра. "У параўнанні з тым, што перажыў Андрэй Саннікаў, я не перажыў нічога", -- паведаміў Бандарэнка журналістам.
Былы палітвязень таксама расказаў, што яму прапаноўвалі выйсці на свабоду амаль адразу пасля затрымання, зімой 2011 году. Умовай было супрацоўніцтва з КДБ. Са словаў Бандарэнкі, спецслужбы хацелі атрымаць кантроль над сайтам "Хартыі". Аднак Бандарэнка адмовіўся.
Палітык таксама паведаміў, што калі б ведаў аб напісанні Саннікавым прашэння аб памілаванні, то сам бы напісаў яго раней.
Першае інтэрв'ю Змітра Бандарэнкі пасля вызвалення можна прачытаць тут.
Зміцер перасоўваецца самастойна, хоць і перанёс нядаўна аперацыю на назе. Ён гаворыць, што вызваленне з калоніі стала палёгкай не толькі для самаго Бандарэнкі, але і для адміністрацыі калоніі.
З Данікам Саннікавым.
З жонкай Вольгай.
"Я рады пабачыць родных, абняць жонку, Андрэя Саннікава, Ірыну Халіп", -- гаворыць Бандарэнка. Але разам з тым кажа, што не адчувае сябе вольным чалавекам. "Я закладнік, мае сябры закладнікі... Тое, што ў краіне ёсць палітвязні -- гэта ненармальна", -- гаворыць ён.
13.35 Сустракаць Змітра Бандарэнку прыйшла ўся сям'я Саннікавых.
13.05 На аўтавакзале “Усходні” сустракаць вызваленага палітыка збіраюцца родныя, сябры, а таксама журналісты. Зараз там сабралася каля 15 чалавек. Ёсць сярод іх сябра аргкамітэту “Беларускага руху” Віктар Івашкевіч. Таксама павінен прыехаць Андрэй Саннікаў разам са сваёй жонкай Ірынай Халіп.
Саннікава выпусцілі з калоніі літаральна ўчора, 14 красавіка.
Як паведаміла Еўрарадыё жонка палітвязня Вольга Бандарэнка, Змітра прывязуць прыкладна а 13.30 на аўтавакзал "Усходні".
На прэзідэнцкіх выбарах 2010 года Зміцер Бандарэнка быў адной з ключавых фігур у камандзе кандыдата Андрэя Саннікава, які, дарэчы, выйшаў на волю ўвечары 14 красавіка.
Пасля падзеяў на Плошчы, Бандарэнка быў арыштаваны і пазней асуджаны на два гады калоніі агульнага рэжыму. Адразу пасля арышту ў снежні 2010 года ў яго абвастрыліся хранічныя хваробы. У турме ён перанёс складаную аперацыю па выдаленні грыжы на пазваночніку. Як і Андрэй Саннікаў, які ўночы 15 красавіка вярнуўся ў Мінск пасля 1,5 гадоў зняволення, Бандарэнка пісаў прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі.
5 красавіка кіраўнік краіны заявіў, што ў бліжэйшы час можа быць прынята рашэнне аб памілаванні некаторых асуджаных, "якіх на Захадзе лічаць палітзняволенымі".
Па словах Лукашэнкі, ён атрымаў "вал прашэнняў" пасля таго, як заявіў, што гэта асноўная ўмова для вызвалення. Калі ж з'явілася інфармацыя, што прашэнні напісаныя пад ціскам, кіраўнік дзяржавы загадаў праверыць гэтую інфармацыю. Ён кажа, што ў выніку атрымаў відэа, на якім палітвязні прызнаюцца, што напісалі прашэнні з уласнай волі. Не напісалі такія прашэнні, кажа Лукашэнка, толькі "адзін-два" вязні.
На сёння за кратамі застаюцца наступныя асобы, асуджаныя па розных справах, якіх праваабаронцы прызналі палітвязнямі:
1. Мікола Статкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты (6 гадоў калоніі)
2. Павал Севярынец, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі (3 гады “хіміі”)
3. Зміцер Дашкевіч, лідар “Маладога фронту” (2 гады калоніі)
4. Эдуард Лобаў, маладафронтавец (4 гады калоніі)
5. Алесь Бяляцкі, кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” (4,5 гады калоніі)
6. Мікалай Аўтуховіч (5 гадоў і 2 месяцы калоніі)
7. Сяргей Каваленка (2 гады і 1 месяц калоніі)
Таксама палітвязнямі прызнаныя асобы, асуджаныя па гэтак званых “справах анархістаў”:
8. Ігар Аліневіч (8 гадоў калоніі)
9. Мікалай Дзядок (4,5 гады калоніі)
10. Яўген Васьковіч (7 гадоў калоніі)
11.Павел Сырамолатаў (7 гадоў калоніі)
12.Арцём Пракапенка (7 гадоў калоніі)
13. Аляксандр Францкевіч (3 гады калоніі)
Усе падрабязнасці пра Змітра Бандарэнку
Як судзілі Бандарэнку (онлайн+фота з залы суда)
Зміцер Бандарэнка напісаў прашэнне аб памілаванні
Змітру Бандарэнку ў калоніі ўскрылі абсцэс на назе
Бандарэнка — жонцы: Калі правакацыі працягнуцца, скончу жыццё самагубствам
Еўрадэпутат: "Прэмія Сахарава — мінімум, чаго заслугоўвае Бандарэнка"