За тры месяцы 2013 года за кратамі апынуліся тры VIP-чыноўнікі

Міністэрства ўнутраных спраў

Таццяна Полудзень: “Складана сказаць, на што я спадзявалася. Тры з паловай года… На фоне шматлікіх папярэдніх асуджэнняў іншых грамадзянаў гэта не так шмат”.

Гэта словы жонкі Яўгена Полудзеняэкс-міністра ўнутраных спраў. 25 сакавіка Вайсковая калегія Вярхоўнага суда прысуджае яго да 3,5 года зняволення і пазбаўляе спецыяльнага звання палкоўніка міліцыі. Амаль паўтара года Полудзень ужо адседзеў.

У МУС палкоўнік Полудзень узначальваў міліцыю грамадскай бяспекі. Пры ім пасля выбараў 19 снежня 2010-га міліцыя напала на “калону Някляева” і “зачысціла” плошчу Незалежнасці, а ўлетку 2011-га затрымлівала ўдзельнікаў “маўклівых” акцыяў. Але наўрад ці чыноўнік атрымаў прысуд менавіта за гэтыя дзеянні сваіх падначаленых.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Вядома, што з Полудзеня былі знятыя абвінавачанні ў атрыманні хабару: 100 літраў дызельнага паліва, каньяк і торт. А ў чым было “злоўжыванне ўладай”, не ведае нават Таццяна Полудзень, якая не бачылася з мужам паўтара года — увесь час следства.

Намесніка міністра затрымліваюць 9 снежня 2011 года. Напярэдадні распачынаюць справу па ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (“Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі”). Па гэтым артыкуле намесніку міністра “свяціла” ад 3 да 10 гадоў.

У МУС у гэты час — сапраўдная чорная паласа. Хворы міністр Анатоль Куляшоў тыдзень не з’яўляецца ў сваім кабінеце. Яго абавязкі выконвае першы намеснік — палкоўнік Алег Пякарскі. Але 16 студзеня Аляксандр Лукашэнка звальняе і яго. Звальняе з той жа фармулёўкай, што і Полудзеня: у сувязі са здзяйсненнем учынкаў, што “дыскрэдытуюць званне супрацоўніка ўнутраных органаў”. Розніца хіба што ў тым, што адстаўка Полудзеня адбываецца ўжо пасля таго, як супраць яго распачынаюць справу.

Алег Пякарскі пасля звальнення, што называецца, знік з радараў. Полудзень выйдзе з-пад варты толькі праз два гады. Тым часам у МУС новы карупцыйны скандал: арыштаваны начальнік упраўлення ўласнай бяспекі, падпалкоўнік Уладзімір Кротаў. Яго вінавацяць у перавышэнні ўлады ці службовых паўнамоцтваў — ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэкса. Гэта ад 2 да 6 гадоў, са штрафам ці без.

Мінгарвыканкам

Жонка Яўгена Полудзеня мае рацыю: у параўнанні з прысудам, які атрымаў першы намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Васільеў, яе мужу яшчэ пашчасціла. 11 лютага Мінскі абласны суд прысуджае віцэ-мэра Мінска да 14 гадоў пазбаўлення волі. Для 52-гадовага Васільева доўгае зняволенне можа аказацца пажыццёвым.

Чыноўніка прызнаюць вінаватым у буйным хабары, які ён атрымаў ад чэшскай кампаніі за “вырашэнне пытанняў” па будаўніцтве смеццеперапрацоўчага завода. Еўрарадыё знаходзіць чэхаў, з якіх Васільеў быццам бы патрабаваў 500 тысяч долараў. Яны сцвярджаюць: хабар намесніку мэра Мінска не давалі!

Але адзін са сведкаў — Васіль Ананьеў — распавядае ў судзе, як 6 ліпеня ён асабіста прынёс партфель з першай часткай хабару ў кабінет Васільева. Перадача грошай праходзіла пад кантролем КДБ, чыноўніка затрымалі ў той да дзень. Што праўда, і сам Ананьеў на той час знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Хаця зусім па іншай справе. І заяву пра тое, што збіраўся перадаць Васільеву грошы, ён таксама напісаў з СІЗА КДБ.

Пракурор прасіў для Васільева 15 гадоў — максімум па арт. 430-3. Суддзя дае на адзін год менш, але ўзмоцненага рэжыму. Сваёй віны чыноўнік не прызнае.

Савет Рэспублікі

15 сакавіка Мінгарсуд выносіць прысуд па крымінальнай справе былога начальніка сакратарыята Савета Рэспублікі Глеба Бядрыцкага. Чыноўніка асуджаюць на 8 гадоў пазбаўлення волі.

Гэтая справа — яшчэ больш загадкавая, чым справа Ігара Васільева. Суд ідзе ў закрытым рэжыме, таму што менавіта зрабіў чыноўнік — невядома. Бядрыцкага затрымліваюць у кастрычніку 2011 года ў працоўным кабінеце. Паводле інфармацыі крыніцы з МУС, пры ім вялікая сума грошай. Але хабару ў абвінавачанні няма — толькі крадзяжы праз злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі (арт. 210) і злоўжыванне службовым становішчам (арт. 424).

Па першым артыкуле максімум — 12 гадоў зняволення, па другім — 10. Глеба Бядрыцкага асуджаюць на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Калі ён выйдзе з-за кратаў, яму будзе 45 гадоў.

Хто наступны?

Трыма прысудамі VIP-чыноўнікам справа не абмяжуецца. Акрамя згаданага вышэй Уладзіміра Кротава, за кратамі зараз знаходзіцца колішні мэр Гомеля Віктар Піліпец.

Яго затрымалі за махінацыі ў размеркаванні 25 кватэраў, пабудаваных УКС Гомельскага гарвыканкама. Гэта ч. 3 арт. 426, як і ў Кротава. Ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі. Піліпец затрыманы 19 верасня, следства па яго справе працягваецца.

Фота: БелТА, news.21.by, newsgomel.by.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі