Дарашкевіч і Козлік аштрафаваныя на 3 мільёны рублёў кожная
Іх пакаралі нібыта за несанкцыяваны пікет. Высветлілася, што здымак з плюшавым мядзведзікам можна рабіць толькі з дазволу Мінгарвыканкаму!
9 ЖНІЎНЯ
15.00. Юлія Дарашкевіч аштрафаваная на 3 мільёны рублёў.
14.44. Суддзя пайшоў абдумваць прысуд.
Фота — bymedia.net
14.38. Фотафакт: журналісткі не ўзгаднілі фотаграфанне з мядзведзікам з... Мінгарвыканкамам! Пра гэта напісана ў пратаколе затрымання Ірыны Козлік, журналіста газеты "Комсомольская правда в Белорусси".
З пратаколу вынікае, што каб зрабіць фота з мядзведзікам, да якога прымацаваная цыдулка з надпісам "Патрабаваць права на выказванне думкі ў Беларусі пагражае арыштам. Няўжо прэзідэнт арыштуе цацачных мядзведзікаў?", трэба ісці па ўзгадненне да сталічных чыноўнікаў!
14.30. Ірыну Козлік выклікалі на судовае паседжанне ў якасці сведкі.
14.05. Пасля 10-хвіліннага перапынку аднавіўся суд над Юліяй Дарашкевіч. Яна дае паказанні.
***
13.15 Ірына Козлік аштрафаваная на 3 мільёны рублёў. Журналістку "Комсомольской правды" аштрафавалі нібыта за несанкцыяваны пікет. Яна ўжо выйшла на волю (фота).
Пачаўся суд над Юляй Дарашкевіч. Яе таксама судзіць Дзмітрый Паўлючэнка.
Фота — bymedia.net
***
12.00 Сведкі-міліцыянты ў судзе распавялі пра затрыманне Дарашкевіч і Козлік. Па іх словах, спярша яны меркавалі, што дзяўчаты ладзяць пікет. Аднак потым нібыта зразумелі, што не было ніякага пікету і дзяўчаты не лаяліся матам.
У сувязі з гэтым адвакат Ірыны Козлік падала хадайніцтва, каб закрыць справу за адсутнасцю складу злачынства.
***
11.00 Першай пачалі судзіць Ірыну Козлік. Паводле хадайніцтва адваката выклікалі двух сведкаў затрымання.
У залу суда здолелі трапіць праваабаронцы Алена Танкачова, Уладзімір Лабковіч, журналісткі Вольга Бабак і Яніна Мельнікава.
У фэйсбуку Мельнікава паведаміла, як выступаў у зале сведка — спецназавец Сухалет: "Сухалет сцвярджае, што былі ў форме і прадставіліся. Яны вырашылі, што дзяўчаты ладзілі пікетаванне, бо быў мядзведзь і яны размаўлялі".
***
Журналістак будуць судзіць за "пікет шляхам фатаграфавання"
Ірыну Козлік і Юлію Дарашкевіч даставілі ў Савецкі суд у грамадзянскім легкавіку.
Каля будынка суда дзяўчат чакалі сябры і калегі — агулам каля 20 чалавек. Пра гэта паведамляе з месца падзеяў карэспандэнт Еўрарадыё Алесь Пілецкі.
Журналісткі паведамілі, што іх усю ноч трымалі ўдваіх у камеры ў Савецкім РУУС.
Як даведалася Еўрарадыё, судзіць затрыманых журналістак будзе Дзмітрый Паўлючэнка. Ён не трапіў у "чорны спіс" Еўрасаюза, хаця і выносіў асуджальныя прысуды затрыманым у снежня 2010 года. Гэтай вясной Паўлючэнка вынес апраўдальны прысуд нацболу Яўгену Контушу, абвінавачаму ў арганізацыі несанкцыяванага мерапрыемства.
***
Журналісткі Дарашкевіч і Козлік правялі ноч у Савецкім РУУС
У Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна іх не дастаўлялі.
Як паведамляе журналіст Еўрарадыё Алесь Пілецкі, каля 10 гадзін раніцы дзяўчат вывезлі з пастарунку. Хутчэй за ўсё, іх даставяць у суд Савецкага раёна. Праўда, калегі не выключаюць, што дзяўчат могуць даставіць і ў гарадскі суд.
Нагадаем, што іх затрымалі падчас фотасесіі з плюшавым мядзведзікам. Фатографа Юлію Дарашкевіч і журналістку "Комсомольской правды" Ірыну Козлік вінавацяць у незаконым пікетаванні.
8 ЖНІЎНЯ
***
20.43 Міліцыянты адмовіліся
прыняць ваду для затрыманых журналістак. Пра гэта паведаміў у сваім
фэйсбуку грамадскі актывіст Міхась Пашкевіч.
Па яго словах,
міліцэйскі начальнік заявіў: "Няхай адчуюць усе цягаты". Калегі не
выключаюць, што ноч дзяўчатам давядзецца правесці ў Цэнтры ізаляцыі
правапарушальнікаў на Акрэсціна, перадае Радыё "Свабода".
Вядома, што фатографа Юлію Дарашкевіч і журналістку "Комсомольской правды в Белоруссии" Ірыну Козлік змусілі пісаць тлумачальныя.
***
Увечары 8 жніўня міліцыянты затрымалі фатографа Юлію Дарашкевіч і журналістку "Камсамолкі" Ірыну Козлік. Пры затрыманні дзяўчат абвінавацілі ў правядзенні несанкцыяванага флэш-моба. Затрыманых даставілі ў Савецкае РУУС.
Нагадаем, журналісты ладзяць акцыю салідарнасці з затрыманым Антонам Сурапіным, які першым апублікаваў фотаздымкі мядзведзікаў, скінутых над Беларуссю са шведскага самалёта. Хлопца трымаюць у СІЗА КДБ і вінавацяць у дапамозе шведам, якія парушылі дзяржаўную мяжу Беларусі.