Рэйтынг пашукавікоў: Віктар Бабарыка амаль такі ж папулярны, як Макс Корж
Віктар Бабарыка і рэдактар Еўрарадыё Зміцер Лукашук / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё
У агенцтве GUSAROV палічылі, як часта пра патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты пытаюць у "Яндэкса" і Google. А каб было цікавей, параўналі папулярнасць нашых кандыдатаў у кандыдаты з вядомымі людзьмі з айчыннага спорту і шоу-бізнесу.
У рэйтынг не ўключылі Аляксандра Лукашэнку. Маўляў, не мае сэнсу.
У агульным спісе папулярнасці на першай пазіцыі Макс Корж. Лідар сярод палітыкаў — Віктар Бабарыка — саступае яму ўсяго паўтары тысячы запытаў. У агульны топ-5 увайшоў і Валерый Цапкала.
Цікавасць да прэтэндэнтаў на прэзідэнцкі пост прадказальна і прыкметна вырасла з пачатку электаральнай кампаніі. Такія вядомыя беларусы, як Аляксандр Саладуха ці Вольга Корбут, саступаюць па папулярнасці большасці палітыкаў.
Далёка ад топу пошукавых запытаў аказаліся спартсмены. Папулярнасць Цімы Беларускіх і Улада Бумагі вымяраецца дзясяткамі тысяч запытаў у месяц, а ў тэнісісткі Арыны Сабаленка гэты паказчык ледзь перавысіў 5 тысяч. Прыкладна такія ж лічбы ў Дар'і Домрачавай. У Вікторыі Азаранка — крыху больш за 3 тысячы.
Для параўнання, у відэаблогера Сяргея Ціханоўскага — больш за 10 тысяч запытаў за месяц. Зрэшты, цікавасць да спартоўцаў узрастае напярэдадні Алімпіяд і іншых буйных стартаў. А цяпер час выбараў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.