Робат намалюе карціну на сцяне мінскага дома
6 верасня ў Мінску на вуліцы Магілёўскай адбудзецца незвычайны стрыт-арт перформанс. Малюючы робат створыць карціну на сцяне дома 6/1.
Як адзначае БЕЛТА, робат створыць арт-аб'ект без непасрэднага ўдзелу мастакоў. Сваю працу робат пачне а 13-й, прауэс стварэння карціны зойме шэсць-сем гадзін. Арганізатары кажуць, што такі праект стане новым крокам у беларускім стрыт-арт руху.
Стрыт-арт перформанс "Малюючы робат" — першае мерапрыемства міжнароднага фестывалю манументальнага мастацкага роспісу Urban Myth. Вулічныя мастакі з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Іспаніі, Швецыі, Бразіліі створаць свае мастацкія работы на аснове беларускіх гарадскіх народных традыцый.
Малюючы робат — гэта арыгінальны прынтэр, які рухаецца па вертыкальных паверхнях самастойна і можа наносіць простыя і складаныя малюнкі любых памераў. Стварыў яго беларускі канструктар Міхаіл Чупрынскі. Мерапрыемства рэалізуюць Цэнтр сучасных мастацтваў і некамерцыйны праект Signal.
Фота: gadgetblog.ru