Родны брат Калачова: Цімафея няправільна зразумелі, ён вельмі перажывае
Блізкі сваяк паўабаронцы тлумачыць, што азначаюць словы пра “адну краіну з Расіяй” і ці глядзеў Цімафей гульню з іспанцамі, на якую нечакана не выйшаў
Нагадаем, што напярэдадні матча зборных Беларусі і Іспаніі экс-капітан і адзін з найлепшых нашых футбалістаў Цімафей Калачоў скандальна выказваўся пра адносіны з Расіяй. Заўзятараў закранулі яго словы “ўвогуле, ідэальна, каб мы з Расіяй былі адной краінай”.
Выбуховыя хвалі гэтай інфармацыйнай бомбы накрылі і, Беларусь, і Расію, і Украіну. І вось напярэдадні матча стала вядома, што на поле Калачоў не выйдзе, ён нават з’ехаў з месца збораў нацыянальнай каманды. На фоне інфармацыйнага скандалу гэта выглядала так, што трэнерскі штаб вырашыў не дадаваць газы ў агонь.
Прайшло некалькі дзён. Але і пасля гульні з іспанцамі Калачоў не хоча, каб яму задавалі пытанні пра непрыемную для яго гісторыю.
“Не, нельга ўжо. Ужо назадавалі пытанняў, дзякуй вам. Не вам у прыватнасці, а ўвогуле…” — дзеліцца Цімафей з Еўрарадыё зробленымі высновамі. Праўда, голас у паўабаронцы бадзёры і баявы.
Цімафей Калачоў з Кубкам Расіі — самым прэстыжным трафеем у яго кар’еры
На развітанне Калачоў запэўнівае, што інцыдэнт не стане прычынай, каб сыходзіць са зборнай.
“Прыеду, калі выклічуць”, — цвёрда кажа футбаліст.
Як Калачоў раскрытыкаваў беларускіх заўзятараў пасля гульні з Украінай
Дзмітрый Калачоў, родны брат футбаліста, прызнаецца, што насамрэч гісторыя са скандальным выказваннем Цімафея на таго моцна паўплывала.
“Брат вельмі перажывае, што няправільна яго зразумелі. Словы былі данесеныя не ў тым кантэксце. Адну фразу выдралі з інтэрв’ю, і атрымалася, што… Непрыгожа атрымалася. Ён меў на ўвазе, што мы, беларусы, вельмі блізка з расіянамі суіснуем. Цімафей не меў на ўвазе, што трэба жыць у адной краіне, а тое, што мы суседзі і ставімся адно да аднаго па-добраму”, — рэзюмуе Дзмітрый Калачоў.
Калачоў з расійскай футбольнай заўзятаркай, якая па палітычных поглядах відавочна адрозніваецца ад большасці беларускіх заўзятараў
Паводле словаў брата, Цімафей глядзеў гульню зборнай з іспанцамі ў Магілёве па тэлевізары. Тым часам многія яго сваякі прыехалі на “Барысаў-Арэну”, бо былі перакананыя, што паўабаронца выйдзе на поле.
“Але ў апошні момант здарылася бытавая сітуацыя з жонкай, якую мог вырашыць толькі Цімафей, — запэўнівае брат футбаліста. — Ніякіх падводных цячэнняў тут няма. Трэнер зборнай гэта зразумеў. Цімафей вымушана ўзяў жонку, і з Мінска паехаў у Магілёў”.
Па матывах выказвання Цімафея Калачова некаторыя СМІ арганізавалі галасаванні. На сайце “Прэсбола” (менавіта ў гэтым СМІ было апублікаванае скандальнае інтэрв’ю) 65% рэспандэнтаў не пагадзіліся са словамі футбаліста. Больш за 25% — падтрымалі словы пра “Беларусь і Расію ў адной краіне”. Прагаласавала каля 5000 чалавек.
На сайце расійскай службы “Еўраспорта” прагаласавала каля 14000 чалавек. З іх блізу 60% падтрымалі Калачова. Каля 40% — асудзілі.
Вядомы беларускі галкіпер і каментатар Васіль Хамутоўскі ў жывым тэлевізійным эфіры выказаўся, што трэба паважаць суверэнітэт сваёй краіны, мову і выбітную гісторыю, каб і іншыя краіны цябе паважалі.
Фота eurosport.ru, Марыі Фрык і з архіву сям'і Калачовых