Рухавікі для расійскіх крылатых ракет украінцы будуць збіраць у Беларусі?

Вырабляць украінскія рухавікі для расійскіх крылатых ракет цяпер будуць на “Аршанскім авіярамонтным заводзе”. Інфармацыя, што пра гэта на мінулым тыдні нібыта дамовілася кіраўніцтва АТ “Мотар січ” з прадстаўнікамі Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта падчас сустрэчы ў Запарожжы, з’явілася ва ўкраінскіх СМІ.

Размова ідзе пра перавод з украінскага завода ў Оршу лініі па вырабе маламерных газатурбінных рухавікоў для крылатых ракет. І цяпер нібыта адбываецца прапрацоўка гэтага пытання і рыхтуецца пакет дакументаў для падпісання пагаднення.

Маламерны газатурбінны рухавік для крылатай ракеты Х-55

Ці сапраўды ўкраінцы вырашылі такім чынам абысці забарону на пастаўкі сваіх рухавікоў для крылатых ракет Х-55 у Расію, Еўрарадыё цікавіцца ў старшыні Назіральнага савета, дырэктара па сувязях з грамадскасцю “Мотар січ” Анатоля Малыша.

“Гэта такое глупства! Ніхто нікуды нічога не пераносіць. Гэта ж не кніга, што ўзяў і перавёз: гэта вытворчасць, гэта ж не толькі станкі — гэта ж і людзі”, — перадае Еўрарадыё словы Анатоля Малыша яго сакратарка.

Не пацвярджаюць інфармацыю пра перавод у Оршу лініі па вырабе рухавікоў для крылатых ракет з Запарожжа і ў кіраўніцтве беларускага прадпрыемства.

“Аршанскі авіярамонтны завод”: “Не можам каментаваць гэтыя пытанні, бо ніякіх працоўных указанняў на гэты конт у нас няма, па такой працы (падрыхтоўцы завода і спецыялістаў да пераносу лініі з Запарожжа ў Оршу — Еўрарадыё) пакуль нам такая задача не ставілася”.

Тым не менш фармальны ўладальнік “Мотар січ” месяц таму сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. І менавіта з нагоды беларускай “ракетнай праграмы”. Сутнасць сустрэчы добра вызначыў сам беларускі кіраўнік:

“Прашу, каб вы не зыходзілі з сённяшняй сітуацыі, вось цяжкавата дзесьці ва Украіне, трэба праз Беларусь працаваць з Расіяй. Я гэтага нават не хаваю, гэта правільна. Я і прэзідэнту Расіі сказаў: “Буду запрашаць усіх украінцаў, якія да мяне прыедуць, жыць, працаваць з намі, праз нас з вамі. І вы павінныя гэта разумець”, — сказаў кіраўнік Беларусі на сустрэчы з Вячаславам Багуслаевым, якая праходзіла 16 кастрычніка. 

Вячаслаў Багуслаеў

А ва ўкраінскіх вытворцаў ракетных рухавікоў сапраўды няма іншага выйсця, як пераводзіць вытворчасць у Беларусь, упэўнены беларускі ваенны эксперт Аляксандр Алесін.

Аляксандр Алесін: “Паводле звестак, на складах “Мотар січ” назапасілася гатовай прадукцыі, якую яны не могуць паставіць у Расію, на сотні мільёнаў долараў. Гэта вельмі буйное прадпрыемства еўрапейскага маштабу, прастой якога прыносіць вялізныя страты. Шмат высокакваліфікаваных спецыялістаў застаецца без працы, і ёсць вялікая пагроза таго, што яны не толькі могуць страціць працу, але і іміграваць у Расію”.

Калі ж канчатковая зборка ракетных рухавікоў будзе рабіцца ў Беларусі, яны аўтаматычна стануць беларускімі. Прычым, звяртае ўвагу Аляксандр Алесін, фармальна ніхто нічога не парушае такім ходам, а ў выйгрышы застаюцца ўсе.

Аляксандр Алесін: “Беларусь жа нічога не парушае па міжнародных нормах… Да ўсяго, няма забароны на дастаўку вузлоў, вырабаў, агрэгатаў. Што да кваліфікацыі беларускіх супрацоўнікаў, то я думаю, што сабраць авіяцыйны рухавік з гатовых частак для іх не праблема. Так што з пункту гледжання тэхнічнага гэта (зборка ўкраінскіх рухавікоў для расійскіх крылатых ракет — Еўрарадыё) магчыма, з пункту гледжання “Мотар січ” — пажадана, з пункту гледжання Расіі — таксама пажадана. Бо нягледзячы на тое, што яны расхрабрыліся і заявілі, што могуць вырабляць такія рухавікі ў Омску, гэта не так проста. Таму я лічу, што такое развіццё цалкам магчымае, і нядаўні візіт спадара Багуслаева да кіраўніка Беларусі тычыўся менавіта гэтага пытання”.

Аляксандр Алесін

Такім чынам, магчыма, гаворка пра перанос лініі менавіта па “вырабе маламерных газатурбінных рухавікоў” у Оршу не ідзе. Бо для “адвёрткавай зборкі” гэта не патрэбна. Як не трэба дзеля гэтага перасяляць у Беларусь спецыялістаў з Украіны. І нават маральныя пакуты з нагоды дапамогі ва ўзбраенні Расіі на фоне ўкраінскага крызісу беларусаў мучыць не павінныя, сцвярджае Алесін. Бо ракеты Х-55, для якіх і робяць рухавікі на “Мотар січ”, выкарыстоўвацца ў ваенных дзеяннях на Данбасе не могуць: для гэтага ёсць больш танныя сродкі, “супакойвае” беларускі эксперт.

Крылатая ракета Х-55 з рухавіком ад "Мотар січ"

А так выглядае знутры "Аршанскі авіярамонтны завод" — фота з афіцыйнага сайта прадпрыемства.

                  
 
 
 

Фота: Змітра Лукашука, militaryrussia.ru, oarz.by, crime.in.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі