Рускі з Марыупаля: Не трэба, каб мяне, рускага з Піцера, нехта “бараніў"

Цалкам размову з Яўгенам Сцепаненкам можна паслухаць:

Еўрарадыё: Што з сябе ўяўляе штаб абароны Марыупаля — наколькі гэта афіцыйная структура?

Яўген Сцепаненка: Гэта арганізацыя, створаная для каардынацыі дзеянняў мясцовай гарадской і абласной улады, валанцёраў, грамадскіх арганізацый з ваеннымі, каб максімальна эфектыўна адпрацаваць усе пытанні, звязаныя з абаронай горада. Пачынаючы ад узвядзення абарончых збудаванняў і завяршаючы вучэннямі па грамадзянскай абароне альбо падрыхтоўцы сховішчаў і гэтак далей. Структуру гэтую ўзначальвае кіраўнік горада Юрый Хатлубей, але яна не падпарадкоўваецца ні дзяржаве, ні гораду — гэта проста каардынацыйны савет. Апроч прадстаўнікоў мясцовых уладаў і грамадскасці ў савет уваходзяць прадстаўнікі ваеннага штаба АТА, памежнікі, прадстаўнікі батальёна добраахвотнікаў “Азоў”, які ўваходзіць у склад сіл АТА па гэтым перыметры.

        Яўген Сцепаненка -- злева, у цэнтры -- мэр Марыупаля Юрый Хатлубей

Еўрарадыё: А якія настроі пануюць сярод звычайных жыхароў Марыупаля? Пісалі, што яшчэ пару месяцаў таму тут былі моцныя прарасійскія настроі.

Яўген Сцепаненка: Я разумею, што вам з Беларусі вельмі складана зразумець, што адчуваюць людзі ў горадзе, які можа быць абстраляны артылерыяй, дзе па блокпастах, якія знаходзяцца за 15-20 кіламетраў ад горада, пастаянна вядзецца агонь. Што да марыупальцаў, то яны атрымалі вельмі добрую прышчэпку супраць сімпатыі тэрарыстам у траўні гэтага года, калі ён быў на пэўны час захоплены. Тады яны вельмі добра зразумелі, што гэта такое — ДНР, ЛНР, і чым гэта ім пагражае. Апроч таго, у горадзе вялікая колькасць перасяленцаў з Данецка, якія добра перадалі, што ў Данецку на самай справе адбываецца, якая там абстаноўка, які хаос і бязмежжа там пануюць. І таму сёння Марыупаль — без пытанняў праўкраінскі горад, ён адчувае сябе сапраўднай часткай Украіны. Безумоўна, тут па-ранейшаму ёсць людзі, якія падтрымліваюць увядзенне расійскіх войскаў, не вельмі разумеючы, чым гэта пагражае. Гэта людзі без прафесійнай ваеннай падрыхтоўкі, як тая група, якая ўчора была затрыманая (размова адбывалася 22 верасня — Еўрарадыё) — яны проста стралялі па мірных жыхарах і ваенных, стараючыся стварыць паніку падчас артабстрэлу. Большасць людзей прытрымліваецца пазіцыі “Абы не было вайны” — нікому ж не хочацца, каб іх абстрэльвалі. Але ўсё больш людзей з’яўляецца з актыўнай праўкраінскай пазіцыяй. Такіх людзей было шмат у пачатку верасня, калі пачалася актыўная фаза абароны горада, а да канца верасня іх стала значна больш. Той жа марш вышыванак, што людзі правялі па сваёй ініцыятыве, ужо шмат пра што кажа. А калі на праўкраінскія мітынгі выходзіць па 7-10 тысяч марыупальцаў — гэта вельмі шмат для Марыупаля.

Еўрарадыё: Марыупаль і Данецк: адна вобласць, адзін рэгіён, а такія розныя настроі, чаму?

Яўген Сцепаненка: І ў Марыупалі, і ў Данецку яшчэ ў траўні настроі былі аднолькава сепаратысцкія. Тлумачыцца гэта проста: з імі ніхто не размаўляў да гэтага, ды і яны не асабліва імкнуліся гаварыць з Украінай. Як толькі пачаўся рэальны дыялог, выкліканы, на жаль, сумнымі падзеямі, стаўленне змянілася. Але Данецк, магчыма, аказаўся больш інертным горадам, чым Марыупаль. Да ўсяго, марыупальцы ніколі не лічылі сябе “данецкімі”: яны заўжды казалі, што мы тут “асобная дзяржава” — што мы тут Прыазоўе. Марыупаль ад пачатку быў горадам, які размаўляе па-руску. Я сам з Піцера, і мая руская крыху адрозніваецца ад мясцовай рускай мовы. Але ніхто тут за мову ніколі нікога не прыціскаў, не прыціскае і не будзе прыціскаць. Ці за грэчаскую мову — тут у ваколіцах шмат грэкаў жыве. У нас шматнацыянальны горад: тут большасць рускіх, ёсць грэкі і ўкраінцы. І мы жывём ва Украіне, дзе ніхто ніколі і нікому не забараняў гаварыць на сваёй мове. Калі нейкія людзі ў Данецку і дзесьці ў іншым месцы на ўсходзе краіне за 23 гады не здолелі вывучыць украінскую мову, якую я вывучыў за паўгода і жыву ва Украіне ўжо 7 гадоў, то, напэўна, у гэтых людзей проста нечага не хапае ў галаве. Калі яны не здольныя вывучыць мову, якую яны раней называлі братэрскай!

Еўрарадыё: Рускі, з Піцера — кім вы сябе адчуваеце, пражыўшы 7 гадоў ва Украіне?

Яўген Сцепаненка: Я сябе адчуваю менавіта ўкраінцам. Бо гэта краіна, якая з павагай ставіцца да цябе. Ёсць не тэрыторыя, як Расійская Федэрацыя, а менавіта краіна, якая называецца Украіна. Я грамадзянін гэтай краіны, тут жыве мая сям’я, мая дачка, і я вельмі не хачу, каб у гэтай краіне адбывалася тое, што я бачыў у Расіі: Беслан, Норд-Ост, беспакараныя паводзіны на вуліцы і гэтак далей. Я хачу, каб у маёй краіне быў парадак і каб ніякія людзі звонку не ўказвалі нам, на якой мове гаварыць. І не трэба мяне, рускамоўнага чалавека з Пецярбургу, абараняць — выдумляць, што мяне яны тут абараняюць! Мы тут самі разбяромся.

Еўрарадыё: Блізкасць лініі фронту ў горадзе адчуваецца, панікі няма, не скупляюць людзі соль і запалкі?

Яўген Сцепаненка: Па нашым перыметры, па паўднёвым фронце мы маем няспынныя абстрэлы. Па вялікім рахунку, ніхто не збіраўся спыняць гэты абстрэл. І ў суботу, і ў нядзелю, і ў панядзелак вяліся абстрэлы блокпастоў пры дапамозе “Градаў” і сістэм “Ураган”. Калі тлумачыць на прыкладзе Мінска, то ўявіце сабе: там, дзе ў вас Каменная Горка, стаіць блокпост “Усходні”. Адлічыце ад яго 20 кіламетраў — і там ужо крайні блокпост. Чаго вы здзіўляецеся? Я сябрую з вашымі вядомымі землякамі Андрэем Курэйчыкам і Анатолем Голубам, выдатным акцёрам, ведаю трохі ваш горад. Але панікі ў горадзе няма — я не падманваю! Вось, да прыкладу, сёння, абстралялі пасёлак Талакаўка за 20 кіламетраў ад Марыупаля, але ўсе нашы паліклінікі, школы працуюць у звычайным рэжыме: на ўроках 74% школьнікаў, 6% — хварэе, 20% не прыйшло з паважлівых прычынаў, у дзіцячых садках 55% дзяцей, а 45% адсутнічае з паважлівых прычынаў. Нехта, канечне, з горада з’язджае, але большасць застаецца і асаблівай панікі няма. Усе выдатна разумеюць, што армія пастараецца максімальна не дапусціць, каб руская армія абстрэльвала непасрэдна горад.

Еўрарадыё: Калі раптам такое здарыцца, ці гатовыя простыя людзі са зброяй абараняць родны горад?

Яўген Сцепаненка: Упэўнены, што гатовыя. Асабліва тая актыўная большасць, што цяпер фармуецца, — яны будуць актыўна браць удзел у абароне. З улікам таго, што людзі цяпер актыўна запісваюцца ў самаабарону, можна казаць, што марыупальцы будуць фізічна супрацьстаяць ворагу. Але ў нас сёння няма пераканання, што мэта Расіі — захоп менавіта Марыупаля. Іх мэта — стварэнне зоны пастаяннай дэстабілізацыі. Калі б цяпер ДНР, ЛНР ці Расія сапраўды думалі пра тое, каб “абараніць рускіх”, яны б не абстрэльвалі гарады бессэнсоўна. Адна справа, калі абстрэльваюць блокпасты, і зусім іншая — калі проста б’юць па горадзе. Гэта бессэнсоўна.

Еўрарадыё: Ваенны эксперт Дзмітрый Тымчук упэўнены ў адваротным: што ў хуткім часе будзе атака на Марыупаль і далей — каб прабіць калідор на Крым…

Яўген Сцепаненка: Магчыма, Тымчук і яго паплечнікі аналізуюць і прагназуюць сітуацыю — я не магу падтрымаць ці абвергнуць меркаванне Тымчука. У любым выпадку, я магу сцвярджаць, што Марыупаль не падтрымае ўвядзення ў горад нічыіх войскаў, апроч украінскіх. І асабліва расійскіх. Нейкі невялікі адсотак знойдзецца, які іх падтрымае, але большасць будзе супраціўляцца. Бо ёсць відавочныя прыклады паводзінаў тых жа войскаў ДНР і ЛНР, ды і расійскіх, у Марыупалі — пасля таго як яны рабавалі крамы ў горадзе, людзі вельмі добра разумеюць, чым гэта небяспечна для горада. Калі расійскія войскі папруць на Марыупаль, гэта будзе азначаць паўнавартасную вайну паміж Расіяй і Украінай. Нават тое, што яны захапілі Новаазоўск, і прысутнасць там расійскіх войскаў па факце азначае такую вайну. Я вельмі спадзяюся, што ў расійскага кіраўніцтва хопіць розуму не ісці далей. Хаця мне падаецца, што там цяпер мысленне ідзе не з пункту гледжання логікі, а з пункту гледжання псіхіятрыі…

Еўрарадыё: Як фактычна прыфрантавы горад удзельнічае ў кампаніі па выбарах у Вярхоўную Раду?

Яўген Сцепаненка: Я не скажу, што выбарчая агітацыя адчуваецца недзе за межамі Кіева! Безумоўна, у Марыупалі ёсць нейкія палітычныя сілы, якія раней успрымаліся як канкурэнты, але ў апошні час, у тым ліку і пасля з’яўлення нашага штаба, яны знайшлі агульную мову і цяпер разам працуюць на абарону горада. Да возьмем хаця б стаўленне да мэра Марыупаля: калі падчас травеньскіх падзей ён застаўся ў горадзе і вымушаны быў падпісаць з сепаратыстамі мемарандум, а цяпер практычна ўсе яго падтрымліваюць — бо ён усё робіць для абароны горада. Потым, калі закончыцца вайна, людзі будуць разбірацца з палітычнымі поглядамі, а цяпер не да таго. Выбары важныя, але для нас яны сёння не ў прыярытэце. Адно скажу: у любым выпадку абіраць будуць прадстаўнікоў тых грамадскіх сіл, якія рэальна працуюць на карыць горада. Балбатуноў абіраць больш не будуць. Усе гэтыя папулісцкія абяцанкі “не праконваюць” — людзі добра разабраліся за апошні месяц: хто рэальна працуе, а хто для піяру акопы капае.

Еўрарадыё: Калі занятыя сепаратыстамі раёны атрымаюць асаблівы статус і такім чынам канфлікт замарозіцца, як вам будзе жыць ля мяжы з тэрыторыямі, заселенымі ўзброенымі і непрадказальнымі людзьмі?

Яўген Сцепаненка: Раней мяжа з такімі тэрыторыямі праходзіла за 40 кіламетраў ад Марыупаля ў раёне Новаазоўска. А цяпер асаблівы памежны рэжым з пэўнымі абмежаваннямі дзейнічае на тэрыторыі трох раёнаў непасрэдна побач з Марыупалем. Ну, мяжа наблізілася да горада. Праўда, раней гэтай мяжы не было па факце, яна асабліва не ахоўвалася… А зараз гэта будзе сапраўдная мяжа — дакладная, жорсткая і абароненая. А Марыупаль ужо стаў памежным горадам. І ў будучыні марыупальцы будуць яшчэ больш сур’ёзна, хаця куды ўжо больш, ставіцца да ўласнай бяспекі і бяспекі краіны. Яны ўжо адчулі сябе фарпостам. 

Фота з архіва Яўгена Сцепаненкі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі