СААЗ занепакоеная распаўсюдам халеры

Успышка халеры ў Гаіці ў 2010 годзе / АР
Успышка халеры ў Гаіці ў 2010 годзе / АР

У апошнія месяцы ў свеце расце захворвальнасць халерай. У Сусветнай арганізацыі аховы здароўя кажуць пра аднаўленне эпідэміі. "Летась успышкі былі ў 30 краінах, і мы працягваем назіраць трывожны геаграфічны распаўсюд у 2023 годзе", — гаворыцца ў паведамленні. Акрамя таго, неспакой выклікае не толькі колькасць і распаўсюд успышак, але і сур'ёзнасць развіцця захворвання.

"Сярэдні ўзровень смяротнасці ад цяперашніх успышак удвая перавышае мэтавы парог у менш за 1%", — кажуць у СААЗ. У некаторых выпадках прычынай успышак зрабіліся прыродныя з'явы, калі ў рэгіёне назіраецца альбо празмернасць, альбо недахоп вады. Людзі вымушаныя бегчы ад гэтых катаклізмаў — часам у перанаселеныя месцы з горшымі ўмовамі жыцця. Колькасць паводак, засух, штармоў і перамяшчэння насельніцтва будзе расці, мяркуюць у СААЗ. Расце і колькасць насельніцтва Зямлі. Усё гэта можа "прывесці да падваення выпадкаў захворвання халерай на працягу наступных 20 гадоў, калі мы не будзем дзейнічаць цяпер".

Сярод крокаў, якія прапануе СААЗ, — стварыць эфектыўныя сістэмы эпіднагляду за грамадскай аховай здароўя і палепшыць умовы водазабеспячэння, санітарыі і гігіены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі