Самалёт Ангелы Меркель зламаўся па дарозе на саміт G20
Нямецкі ўрадавы самалёт, якім Ангела Меркель ляцела на адкрыццё саміту G20 у Аргенціну, зламаўся па дарозе і здзейсніў аварыйную пасадку ў Кёльне. У выніку канцлер Германіі спазнілася на адкрыццё саміту "Вялікай дваццаткі", перадае Радыё "Свабода".
Пацярпелых пры здарэнні няма. "Гэта была сур’ёзная паломка. На шчасце, у нас выдатны экіпаж і дасведчаны пілот", — пракаментавала Меркель гэтае здарэнне.
Прадстаўнік кацлера Германіі Штэфэн Зайберт паведаміў, што Меркель і яе дэлегацыя зранку 30 лістапада плануюць паехаць у Мадрыд, там яны сядуць на камерцыйны рэйс у Буэнас-Айрэс.
Саміт G20 праходзіць у Аргенціне з 30 лістапада па 1 снежня. Напярэдадні Меркель заявіла, што плануе ў кулуарах саміту пагаварыць з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным наконт расійскага нападу на ўкраінскія караблі ў Керчанскім праліве.