Самы моцны вецер 30 студзеня быў у раёне Ашмянаў
Самы моцны вецер у Беларусі 30 студзеня сіноптыкі зафіксавалі ў раёне Ашмянаў на Гродзеншчыне: яго парывы дасягалі 21 метра за секунду. У цэлым па краіне хуткасць ветру складала 15-18 метраў за секунду. Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Моцны парывісты вецер у Беларусі, дарэчы, прагназуецца і на сераду. Па словах сіноптыкаў, яго ў нашу краіну прынёс цыклон з боку Балтыйскага мора. Па прагнозах, вецер будзе адчувацца яшчэ зранку, а потым цыклон перасунецца ў бок Расіі, надвор'е нармалізуецца.
Метэаролагі адзначаюць, што вецер да 25 метраў за секунду адносіцца да аранжавага ўзроўню небяспекі. У аўторак многія беларусы скардзіліся, што моцны вецер проста збівае з ног, асабліва складана было ісцм пешшу дзецям і пажылым людзям.
Паведамленняў пра надзвычайныя сітуацыі пакуль не паступала.