Саўбез ААН заблакаваў прапанаваны Расіяй разгляд сітуацыі ў Керчанскім праліве
26 лістапада Савет бяспекі ААН заблакаваў прапанаваны Расіяй разгляд сітуацыі ў Керчанскім праліве. Супраць прагаласавалі сем чальцоў, за — толькі чатыры, яшчэ чацвёра ўстрымаліся, інфармуе сайт ria.ru.
Яшчэ да галасавання пастаянная прадстаўніца ЗША Нікі Хейлі агітавала супраць разгляду пытання. Паводле яе слоў, пазіцыю Злучаных Штатаў падзяляюць Вялікабрытанія, Нідэрланды, Польшча і Швецыя. Хейлі дадала, што ЗША і іх саюзнікі "гатовыя абмяркоўваць здзейсненую Расіяй правакацыю ў рамках належнай пастаноўкі пытання". Масква ж прапаноўвала разгледзець інцыдэнт як правакацыі ўкраінскага боку, інфармуе hromadske.ua.
Расіяне ў Керчанскім праліве заблакавалі праход у Азоўскае мора ўкраінскім буксіру і двум катэрам. Яны ішлі з Адэсы ў Марыупаль. Іх абстралялі, а пасля захапілі расійскія спецназаўцы. Сярод украінскіх маракоў ёсць параненыя. Ва Украіне чакаецца ўвядзенне ваеннага становішча.