Саудаўская Аравія знізіла кошты на нафту для Еўропы
Саудаўская дзяржаўная нафтавая кампанія Aramco павялічыла зніжку на лютаўскія пастаўкі ў Еўропу. Для паўночна-заходніх краін зробленая зніжка ў 0,6 долара за барэль, а для міжземнаморскіх кошты зніжаныя на 0,2 долара за барэль. Пры гэтым кошты для азіяцкіх спажыўцоў выраслі на 0,6 долара за барэль, а для ЗША засталіся нязменнымі, піша The Wall Street Journal.
Такое зніжэнне коштаў для Еўропы супярэчыць еўрапейскім рынкавым трэндам. Расія апошнім часам павялічыла кошт на сваю нафту маркі Urals, а каціроўкі ф’ючарсаў паказваюць на чаканні росту коштаў на нафту Brent з боку трэйдараў. Як мяркуюць эксперты, такія дзеянні Саудаўскай Аравіі можна разглядаць як яе падрыхтоўку да барацьбы за еўрапейскія нафтавыя рынкі. Сёлета канкурэнцыя істотна ўзмацніцца, бо вырастуць пастаўкі з Ірану, з якога здымаюць санкцыі, інфармуюць замежныя СМІ.
Да ўвядзення гэтых санкцый з боку ЕС у 2012 годзе Італія і Іспанія імпартавалі з гэтай краіны адпаведна 13% і 16% нафты. Затым нішу Ірана занялі Саудаўская Аравія, Расія і іншыя краіны. Але ж Тэгеран спадзяецца адваяваць еўрапейскі рынак. Летась ён ужо скараціў намінальныя кошты для паўночна-заходняй Еўропы на 27%, хоць і не мог прадаваць нафту ў рэгіён.
Фота з архіву