Савет Еўропы заяўляе пра невыкананне Беларуссю антыкарупцыйных стандартаў
19 сакавіка антыкарупцыйны орган Савета Еўропы GRECO (групы дзяржаў па барацьбе з карупцыяй) выступіў з публічнай заявай, у якой абвінаваціў Беларусь у невыкананні антыкарупцыйных стандартаў GRECO.
У 2012 годзе GRECO адрасавала Беларусі 24 рэкамендацыі, 20 з іх так і засталіся праігнараванымі. У большасці рэкамендацый гаворка ішла пра ўзмацненне незалежнасці судовай сістэмы і пракуратуры, пашырэнне самастойнасці ў працы праваахоўных арганаў і абмежаванне недатыкальнасці некаторых катэгорый асобаў.
Арганізацыя не раз прыходзіла да высновы, што ўзровень выканання рэкамендацый быў вельмі нізкім і ў цэлым “нездавальняючым”. Да таго ж Беларусь так і не дала дазволу на публікацыю дакладаў аб ацэнцы ці аб выкананні стандартаў.
“Невыкананне правілаў і нормаў GRECO кідае цёмны цень як на прыхільнасць уладаў Беларусі да прафілактыкі карупцыі і барацьбы з ёй, так і на супрацоўніцтва з GRECO у цэлым, — заявіў старшыня арганізацыі Марын Мрчэла. — Гэта прывяло да таго, што ўпершыню ў сваёй практыцы GRECO выступае з заявай аб парушэнні адным са сваіх чальцоў стандартаў Савета Еўропы”.
Па словах Мрчэлы, GRECO звярнулася да ўсіх 49 дзяржаў, якія ўваходзяць у арганізацыю, з просьбай азнаёміць з заявай свае органы ўлады і фінансавыя ўстановы і ў кантактах з Беларуссю браць да ўвагі гэтую сітуацыю. Маўляў, гэта мусіць даць імпульс да выканання Беларуссю яе антыкарупцыйных абавязанняў.