СБУ "не мае намераў каментаваць словы чалавека, які называе сябе прэзідэнтам"
"Мы зможам дэтальна пагаварыць пасля нашай перамогі" / Ілюстрацыйнае фота УНІАН
Радыё Свабода папрасіла прэс-службу СБУ пракаментаваць сённяшнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра дачыненне Украіны да дыверсіі ў Мачулішчах пад Мінскам. "Служба бяспекі Украіны не мае намераў каментаваць словы чалавека, які называе сябе прэзідэнтам Беларусі, — адказалі ў прэс-службе СБУ. — Што ж датычыць любых выпадкаў "бавоўны", то пра яе мы зможам дэтальна пагаварыць пасля нашай перамогі".
Ва Украіне "бавоўнай" называюць выбухі і пажары, якія адбываюцца на часова акупаваных Расіяй тэрыторыях і ў самой РФ. Цяпер гэтае слова нефармальна абазначае "выбух".
У аўторак Лукашэнка ўпершыню прызнаў факт дыверсіі ў Мачулішчах (назваў яе "спробай тэракту") і пашкоджанне расійскага самалёта А-50. Ён усклаў адказнасць за яе на Украіну (на СБУ) — нібыта быў затрыманы "ўкраінскі тэрарыст" і яго беларускія памочнікі. Аднак ніякіх доказаў гэтай версіі пакуль не было прадастаўлена.
BYPOL сцвярджаў, што раніцай 26 лютага на аэрадроме ў Мачулішчах беларускімі партызанамі з дапамогай двух дронаў і выбухоўкі быў пашкоджаны расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання А-50. Выканаўцы нібыта змаглі пакінуць РБ. Было апублікавана спачатку відэа аэраразведкі ў Мачулішчах, а пасля і атакі.
У апошні тыдзень у Беларусі былі затрыманыя дзясяткі чалавек, якіх правяралі на датычнасць да дыверсіі. Асабліва шмат было затрыманых у вёсках каля Мачулішчаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.