“Сертыфікаваць тавар проста, але іпэшнікі не хочуць гэтым займацца”
11 студзеня ў Мінску прайшоў сход іпэшнікаў пад гучнай назвай “Антыкрызісны форум”. На ім дробныя прадпрымальнікі зноў папрасілі ўрад адмяніць дзеянне Указа нумар 222, у народзе вядомага, як “Указ аб сертыфікатах”. Але не ўсе эксперты згодныя з гандлярамі. Андрэй Шчарбакоў кіруе фірмай, якая ўжо некалькі гадоў за грошы дапамагае прадпрымальнікам аформіць усе патрэбныя дакументы, у тым ліку, ненавісныя сертыфікаты, пратаколы і дэкларацыі. Ён кажа, што ўсё зусім не так страшна, як апісваюць іпэшнікі.
Еўрарадыё: Звяртаюцца да вас прадпрымальнікі?
Шчарбакоў: Звяртаюцца. Ёсць нават такія, якія яшчэ тры гады таму ўсё зрабілі і цяпер праблем не маюць. А ёсць такія, якія звяртаюцца, даведваюцца кошт за выпрабаванні ў беларускай лабараторыі, і адразу кажуць: усё, далей можаце не працягваць. То бок гэта для іх вельмі дорага. Хаця кошт цалкам нармальны. Асабліва, калі ўлічыць, што пратаколы дзейнічаюць тры гады і іх можна выкарыстоўваць для далейшых партый. У дадатак, прадпрымальнікі ж могуць аб’яднацца.
Еўрарадыё: А яны самі ведаюць пра гэтыя нюансы?
Шчарбакоў: Большасць ведае. Мы нават падказваем, як можна зрабіць танней. Калі ўсю гэтую матэматыку падлічыць, то нават і не будзе так дорага. І гэта ўсё можна было раней зрабіць. Раней гэта было яшчэ танней. Трэці год прадпрымальнікам даюць адтэрміноўкі, а некаторыя дагэтуль тэлефануюць і не ведаюць, што рабіць і нават з чаго пачынаць.
Што робіцца на рынках пасля 1 студзеня (фота)
Пакупнікоў насамрэч няшмат. Тыдзень таму, калі прыязджаў на Ждановічы рабіць пераднавагодні матэрыял, людзей было заўважна больш. Праўда, толькі ля адкрытых кропак — у крытых павільёнах (тэмпература там — +13) народу хапае.
Еўрарадыё: Вы кажаце, што працэдура адносна недарагая. Колькі яна каштуе?
Шчарбакоў: Усё залежыць ад таго, якім таварам займаецца прадпрымальнік. Максімальна дорага для тых, хто хоча ахапіць як мага больш. Вось каму я не магу пазайздросціць, то гэта ўладальнікам кропак і крамаў з вялікім асартыментам дзіцячай вопраткі. Дзе дзіця можна апрануць з ног да галавы. Ім нерэальна дорага. А калі гэта, скажам, дарослы абутак, то гэта зусім нядорага. Калі гэта вопратка, то таксама. Скажам, кітайскія курткі. Шмат розных, але курткі. Гэта таксама вельмі проста. Кошты такія: вось, скажам, чалавек абуткам займаецца. Абутак бывае двух відаў — з натуральнай скуры і са штучнай. Вось бярэм скуразамяняльнік, на плоскай падэшве і з абцасам. Нам патрэбныя два прыклады. Правесці іх даследаванні ў лабараторыі будзе каштаваць 4-6 мільёнаў. Але пратаколы даследаванняў гэтых пар будуць дзейнічаць тры гады. І на працягу гэтых трох гадоў ты зможаш увозіць неабмежаваныя партыі такога абутку. Але і гэта яшчэ не ўсё, пратаколы можна перадаваць іншаму прадпрымальніку па даверанасці. Імі нават гандляваць, у прынцыпе, можна. Зрабіў сабе, скажам, за трыста долараў. Потым перадаў яшчэ тром калегам, па сто з кожнага ўзяў, і сабе, лічы, ужо бясплатна. І гэта ўсё легальна. Да пратакола яшчэ трэба зрабіць дэкларацыю. Нават з нашымі паслугамі яна каштуе каля 130 долараў. Гэта на ўсю партыю тавару.
Еўрарадыё: У чым тады праблема, на ваш погляд? Чаму прадпрымальнікі не хочуць рабіць дакументы?
Шчарбакоў: Праблема ў тым, што яны хочуць гандляваць самым танным таварам. Яны прыязджаюць у Расію, ідуць на самы танны рынак і бяруць самы танны тавар. Гэта тое самае, што прыехаць да нас на “Ждановічы” і, купіўшы джынсы, патрабаваць разам з імі добрыя сапраўдныя накладныя і сертыфікаты на іх. Каб усё было прыгожа. Людзі на расійскіх рынках у шоку — чаго вы ад нас хочаце? Ідзіце на аптовы рынак і там набывайце тавар для продажу у сябе ў Беларусі. Хай у Польшчы на рынку паспрабуюць папрасіць дакументы — з іх пасмяюцца толькі. Але на рынках у Расіі самыя нізкія кошты, бо тавары там нелегальныя. Ёсць і нармальныя расійскія фірмы, якія ўсё легальна возяць і прадаюць. Але беларусам у іх не падабаюцца кошты. Хочацца мінімальнага кошту, а мінімальны кошт там, дзе тавар хітрым чынам завезены, незразумела, як. І потым прыходзіцца неяк гэты тавар у Беларусі легалізоўваць. Альбо крычаць, што мы не можам гэтага зрабіць.
Улады адмаўляюць, што на рынках утварыўся калапс
З пачатку 2016 года ў Беларусі пачаў дзейнічаць указ прэзідэнта № 222 "Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі і іншымі фізічнымі асобамі".
Еўрарадыё: А такі нелегальны тавар з Расіі ў Беларусі рэальна легалізаваць, сертыфікаваць?
Шчарбакоў: Так, ніякіх праблем. Усё рэальна. Адзінае, што рэальна складана сертыфікаваць — гэта дзіцячая вопратка, дзіцячы абутак і бялізна. Бялізна, у тым ліку, для дарослых. Гэты тавар рэальна часта не праходзіць. Не тое, каб людзі ад яго цярпелі, раздражненне можа быць, хіба. А з абуткам дзіцячым у Беларусі патрабаванні ледзьве не больш жорсткія, чым у Еўропе. Ён павінен быць з натуральных матэрыялаў. А часта бывае так, што са штучных. А з іншымі таварамі я нават не памятаю, каб нешта не праходзіла сертыфікацыю. Вопратка для дарослых заўсёды праходзіць. А гэта акурат тое, чым гандлююць іпэшнікі на рынках.
Еўрарадыё: Рынкі цяпер амаль пустыя. Можна сказаць, што у вас таксама няма працы, плыні прадпрымальнікаў, якія хочуць зрабіць усе неабходныя дакументы?
Шчарбакоў: Ды не, ёсць плынь. Шмат звяртаюцца, хочуць зрабіць усё. Але паўтаруся, шмат такіх людзей, якія чуюць пра тры мільёны за тэсты, і кажуць: да пабачэння. Яны нават не спрабуюць разабрацца. Для іх гэта канец свету і прасцей сказаць, што я не буду рабіць нічога, я буду чакаць, раптам нешта памяняецца.
Еўрарадыё: Колькі часу займае падрыхтаваць усе дакументы на тавар?
Шчарбакоў: А гэта цяпер акурат самае цікавае. Людзі сядзелі, чакалі, нічога не рабілі. І цяпер чарга ўтварылася. Калі ў прадпрымальніка няма нічога, не праведзеныя даследаванні, то працэс зойме каля месяца. Але ж тры гады было. А іпэшнікі тры гады чакалі, што нешта памяняецца. Сярод нашых кліентаў ёсць людзі, якія даследаванні свайго тавару зрабілі ў мінулым годзе, у пазамінулым. Для іх атрымаць дакументы займае адзін-два дні. У іх даследаванні ёсць, застаецца толькі пацвердзіць іх, зарэгістраваць новую партыю. Гэта проста ўсё. А для такіх, хто нічога не рабіў, у іх паніка цяпер. Але дзе ж вы раней былі? Вас жа папярэджвалі, што сертыфікацыя ўсё адно будзе.