Сейм Латвіі канчаткова забараніў перабыванне ў краіне аўто з нумарамі РБ
Мяжа Латвіі, ілюстрацыйнае фота
10 верасня Сейм Латвіі прыняў у другім, канчатковым, чытанні папраўку ў закон наконт аўтамабіляў з беларускімі нумарамі.
Да 31 кастрычніка ўладальнікі абавязаныя вывезці іх з краіны або перарэгістраваць. Калі гэта не будзе зроблена, транспарт могуць канфіскаваць.
Латвійскія парламентары спаслаліся на санкцыі Еўрасаюза. Яны былі ўведзеныя ў сувязі з тым, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае поўнамаштабную расійскую агрэсію супраць Украіны.
Пасля 31 кастрычніка аўто з беларускімі нумарамі змогуць уязджаць у Латвію толькі для аднаразовага перасячэння тэрыторыі краіны транзітам. Пры гэтым папярэдне трэба будзе атрымаць дазвол у Дырэкцыі бяспекі дарожнага руху Латвіі.
Абмежаванне не закране аўтамабілі беларускіх дыпламатычных і консульскіх службаў, пасольстваў і дэлегацый, а таксама аўтамабілі, якія едуць з гуманітарнымі мэтамі.
Таксама пад выключэнне трапяць асобы з абмежаванымі магчымасцямі, якія кіруюць спецыяльна абсталяванымі асабістымі аўто, зарэгістраванымі ў Беларусі, калі ўезд плануецца з мэтай наведвання бацькоў, дзяцей або мужа ці жонкі, якія пражываюць у Латвіі. Дазвол на ўезд такіх машын у Латвію будзе выдаваць Служба фінансавай разведкі.
Яна ж будзе выдаваць дазволы на ўезд, калі прыйдзе запыт ад міністра замежных спраў на ўезд у Латвію па асаблівых пытаннях, звязаных з нацбяспекай.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.