Шэсць пацярпелых у аварыі пад Смалявічамі знаходзяцца ў цяжкім стане

На месцы жахлівай аварыі ў Смалявіцкім раёне / БЕЛТА
На месцы жахлівай аварыі ў Смалявіцкім раёне / БЕЛТА

Шэсць пацярпелых у аварыі пад Смалявічамі знаходзяцца ў цяжкім стане, яшчэ трое атрымалі траўмы сярэдняй цяжкасці. Пра гэта распавёў міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. "Цяпер ідзе барацьба за жыццё ўсіх дзевяці пацыентаў", — кажа ён. Чакаецца, што "пасля стабілізацыі стану" чатырох пацярпелых у аварыі могуць перавезці ў абласную бальніцу. 

У панядзелак каля 15-й гадзіны ў Смалявіцкім раёне адбылося лабавое сутыкненне грузавіка МАЗ і маршрутнага таксі, загінулі 11 чалавек — кіроўца маршруткі і 10 пасажыраў (сярод іх — дзіця). У смалявіцкую цэнтральную раённую бальніцу прывезлі дзевяць чалавек. На дапамогу мясцовым лекарам у Смалявічы прыехалі спецыялісты са сталіцы, у тым ліку брыгада траўматолагаў. Са сваякамі пацярпелых у бальніцы працуе псіхолаг.

Крымінальную справу распачалі па артыкуле "парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць дзвюх і больш асоб".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі