Школьны абед: для багатых — 15 тысяч, для іншых — 9

“Калі там натуральная адбіўная, то будзе 15 тысяч рублёў. Калі проста рубленая катлета, то танней. Дзеці раз на тыдзень здаюць грошы, зацвярджаецца двухтыднёвае меню камбінатам школьнага харчавання”, — малююць схему харчавання ў вучняў 7-й мінскай гімназіі.

І запэўніваюць: 80% дзяцей харчуецца, нікога не прымушаюць. Па 15 тысяч на дзень, ужо 75 тысяч на тыдзень і… 300 на месяц. Не так і танна.

Кошт школьнага абеду залежыць ад… багацця бацькоў, здзіўляюць мяне ў камбінаце школьнага харчавання Савецкага раёна Мінска.

“Дзе якія бацькі ў якой школе, вы ж разумееце, ад гэтага залежыць. Ёсць элітныя гімназіі, дзе дзеці любяць натуральнае есці: бефстроганаў, шашлык з філе птушкі. Тады даражэй абед: і 14 і 15 тысяч рублёў”, — тлумачаць на камбінаце.

Тут заўважаюць, што кошты на прадукты “плаваючыя”. Добра падаражала і мяса, і каўбаса.

Кіруюся ў звычайную сталічную школу №21, каб пакаштаваць абед. Даюць капусту, катлету з макаронамі і сок. Іншых варыянтаў тут не прапаноўваюць. Аддаю за ўсё крыху больш за 9 тысяч рублёў.

Школьны абед за 9 тысяч рублёў

Суп смачны, не халодны, катлета таксама смачная. Макароны крыху сухаватыя без соусу. Дзецям, падабаецца, ядуць амаль усе, упэўнівае намесніца дырэктара па выхаваўчай працы Варвара Падгайская. Яна таксама харчуецца ў сталовай, “каб ведаць, што даюць дзецям”:

“У асноўным, не харчуюцца па стане здароўя, але матывацыя незразумелая, бо яно ж дыетычнае. Ніхто не скардзіцца на харчаванне. У асноўным, кошт фіксаваны, змены нязначныя — тысяча, дзве тысячы рублёў”.

У сталовай заўважаю, сапраўды ядуць. Каб пакідалі на талерках ежу, не бачу.

Павары ў сталовай кажуць, што дзеці аддаюць на харчаванне 10, максімум —12 тысяч на дзень. За маленькімі сочаць, каб елі. Тут жа дзяжураць два васьмікласнікі. Рады, што вызвалілі ад заняткаў.

“Мне пакуль піражкоў і ўсяго, што ёсць у сталовай, хапае. А калі яшчэ што спатрэбіцца — дома паем”, — кажа васьмікласнік Арцём.

З яго класу толькі адзін хлопец не харчуецца ў сталовай, прыгадвае Арцём.

Сярэдні абед у беларускай сталовай каштуе 14.470 рублёў, перадае Белстат. Атрымоўваецца, школьны абед у Мінску “па-багатаму” на тысячу даражэйшы за сярэдні па краіне.

Фота - Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі