Шматдзетнай маці далі кватэру і пазыкі былых уладальнікаў гэтай кватэры
У пасёлку Негарэлае шматдзетная сям’я атрымала два папярэджанні ад ЖКГ: не аплаціце запазычанасць за камунальныя паслугі ў памеры 5000 рублёў — адключым святло. Аднак маці малалетніх дзяцей сцвярджае: “Запазычанасць 1700 і пеня 3300 — не нашыя! Яны нам перайшлі ў спадчыну ад мінулых жыхароў”.
Вераніка Глябовіч з сужыцелем Васілём і чатырма дзецьмі атрымалі камерцыйнае жыллё на вуліцы Вайсковай у пасёлку Негарэлае тры гады таму (дагэтуль сям'я жыла ў невялікім доме разам з бабуляй жанчыны). Год новыя жыхары рабілі ў трохпакаёўцы рамонт. Але першы трывожны званочак паступіў ужо праз тры месяцы пасля атрымання кватэры:
"Жонка яшчэ нават не аформіла дакументы, а ўжо прыйшла жыроўка, што мы павінныя каля 15 мільёнаў (1500 рублёў новымі) за гэтую кватэру, — распавядае Васіль. — Мы адразу пазванілі ў Дзяржынскую ЖКГ, і бухгалтарка сказала, маўляў, гэта ўсё не вашае, не перажывайце, мы ўсё анулюем. І ў выніку за тры гады ніхто нічога не ануляваў".
Па словах Веранікі, дагэтуль у кватэры пражывалі будаўнікі, яны працавалі над нейкім аб'ектам і з'ехалі. Пазыка, якая навісла над сям'ёй, не анулявалася, а, наадварот, расла. Таму Вераніка з Васілём самі стараліся "кідаць" за камуналку больш, чым ім было патрэбна.
"Бывала, камуналка прыходзіла больш за два мільёны на тыя грошы. Мы ж прапісаныя ў гэтай кватэры, гэта не тое што ніхто не зарэгістраваны, — здзіўляецца Васіль. — Летам, напрыклад, прыходзіла жыроўка 30 рублёў, а жонка клала 80, 60, 70, але куды гэта ўсё спісвалася, ніхто не можа адказаць".
Праблем з іншымі выплатамі ў сям'і няма: яны спраўна плацяць за святло, газ і дзіцячы садок, куды ходзяць двое старэйшых дзяцей.
"Дзеці беспраблемна наведваюць садок, у нас да сям’і няма ніякіх пытанняў", — кажа загадчыца садка ў Негарэлым.
Праўда, ёсць нюанс: Вераніка пераконвае, што ў 2015 годзе жыроўка прыйшла адзін раз — тая, што з пазыкай (яна тырчала ў дзвярах). Больш паперак аб аплаце кватэры сям’я не атрымлівала, таму нічога і не плаціла. Калі Вераніка з дзецьмі прапісалася і засялілася, жыроўкі пачалі прыходзіць рэгулярна.
У спецыяліста па разліках Дзяржынскага РКЦ Валянціны Карнейчык іншая версія:
“Пазыка, якія вісела на іх кватэры, перанесеная на іншы асабовы рахунак. Яны не плацілі за камуналку ніводнага дня. Я казала Вераніцы, каб плацілі па меры магчымасці — 10, 20 рублёў, колькі можаце. А яны плацяць толькі тады, калі мы адпраўляем ім папераджальныя лісты ці калі да іх прыходзяць з аддзела адукацыі. З 2015 года прыйшло ад іх літаральна шэсць плацяжоў. І апошнія чатыры месяцы яны спраўна плацяць”.
Аднак вось што дзіўна: як высветліла Еўрарадыё, суседка Веранікі, Аляксандра, таксама “павінная” Дзяржынскай ЖКГ каля… 5000 рублёў.
“Не толькі ў нас такая сітуацыя. Палова дома ў такой сітуацыі была. Але паколькі большасць жыхароў — маёры і капітаны, пазыку з іх паздымалі, — сцвярджае Аляксандра. — Калі я засялілася, на мне ўжо вісела пазыка каля 1000 рублёў. Начальнік ЖКГ сказаў: “Плаціце тую суму, якая вам налічваецца за камунальныя”. З таго моманту за камунальныя так і плачу. А пазыка расце і расце, і ніхто яе не здымае. Суседка знізу ў такой самай сітуацыі”.
Аляксандра жыве ў двухпакаёвай арэнднай кватэры ў двухпавярховым доме былой вайсковай часткі. За снежань 2017 года яе камуналка склала… 110 рублёў. Прычым за ацяпленне Аляксандра, зарэгістраваная ў кватэры разам з дзіцем, плаціць па 100-адсоткавым тарыфе. Да таго ж у доме няма цэнтралізаванай гарачай вады! Адкуль такія сумы ў невялікім пасёлку, незразумела!
Вераніка Глябовіч за трохпакаёўку (зарэгістраваныя 5 чалавек) у снежні заплаціла 70 рублёў.
“З дзіцячай дапамогі, якая складае 420 рублёў, 320 ідзе на аплату камунальных паслуг у дзвюх кватэрах (летась Вераніка атрымала двухпакаёвую кватэру ў Дзяржынску як шматдзетная маці, там цяпер рамонт), газу, святла і садка”, — кажа шматдзетная маці. Яе грамадзянскі муж працуе вахтавым метадам у Расіі. Бацькі дзяцей не распісаныя. То бок афіцыйна сям’я жыве на дзіцячую дапамогу.
Згодна з указам №322 “Аб арганізацыі налічэння безнаяўных жыллёвых субсідый”, калі плата за камуналку перавышае 15% сукупнага прыбытку, сям’я можа разлічваць на дапамогу дзяржавы. То бок перад тым як пачаць завальваць Вераніку Глябовіч папераджальнымі лістамі, кіраўніцтва ЖКГ мусіла расказаць жанчыне пра магчымасці выйсці з сітуацыі і прапанаваць субсідыю. Але гэтага не адбылося.
Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.