Шнурава раздражняюць гурты з "дудкамі", а Міхалок любіць мыцца ў лазні (фота)

У "Сілічах" стартаваў новы беларускі рок-фэст "Паляна", які сабраў гурты "Унія", "Пару Рублей", "Рубль" і "Ляпіс Трубяцкой". Нягледзячы на глабальную безалкагольнасць, беларускія фестывалі трымаюць руку на пульсе часу і спрабуюць захаваць у сабе сутнасць “фестывальнасці”, дзякуючы сваім гасцям і выступоўцам. Так здарылася і з новым рок-фэстам “Паляна”, які ў суботу адгрымеў у “Сілічах”: колькасць “людзей ў камуфляжы” не перавысіла сілы і прагі да жыцця і весялосці гледачоў фэста, а забарона на алкаголь стала для іх ужо часткай “фестывальнай рок-Беларусі”, на якую паціху перастаюць папросту звяртаць увагу.



Выдатна валодаючы сітуацыяй, арганізатары “Паляны” зрабілі стаўку на зорак, цалкам разлічыўшы правільнасць задумы: забарона на алкаголь не толькі не спыніла прыхільнікаў Шнурава і “Ляпісаў”, а прывяла ў “Сілічы” 7 тысяч гледачоў!

Па словах аднаго з арганізатараў фэсту Цімура Міткевіча, усё атрымалася дзякуючы светлым галовам Марыны Калеснікавай, Яўгена Новаша і кампаніі “Пламбір-ТВ”. Фэст “Паляна” — эта першы вялікі праект, які змагла рэалізаваць кампанія, у яе далейшых планах шмат цікавых ідэй.

Цімур Міткевіч: “Мы збіраемся ладзіць не толькі такога роду імпрэзы. Будзем здымаць кіно, будзем займацца канцэртамі і арганізоўваць выставы”.







Адкрывалі фэст і “разагравалі” яго хэдлайнераў дзве кардынальна непадобныя адну на другую беларускія каманды — “Унія” і “Пару Рублей”.

Танц-метал-фольк-“Унія” вітала натоўп гледачоў, які з кожнай хвілінай павялічваўся, прымушала яго рухацца і танцаваць, і ў выніку-такі разварушыла: гены беларусаў не вытрымалі і кінуліся ў пляс пад папулярныя народныя мелодыі.



“Мы прыехалі на Ляпісаў”, — кажуць хлопцы, валяючыся пад пільнай увагай “таранцінаўскай” фотакамеры на асфальце разам з карэспандэнткай Еўрарадыё. — А фэст “Паляна” — гэта рулез!”


Еўрарадыё: А адкуль вы прыехалі?

Хлопцы: З Барысава!

Еўрарадыё: А што пра Шнура скажаце?

Хлопцы: Шнур увогуле “аджыгае”, мы хочам яго таксама пабачыць у першы і,  мабыць, у апошні раз у гэтым жыцці.

Еўрарадыё: Чаму ж у апошні, вы ж такія маладыя?

Хлопцы: Ну не факт, што ён яшчэ прыедзе…

Еўрарадыё: А ўвогуле атмасфера вам як? Нічога, что не прадаецца піва?

Хлопцы: Ды нармальна. Можна і без алкаголю. Галоўнае, каб былі людзі добрыя.


Сэт беларускага ска-гурта “Пару Рублей” запомніўся добрым гукам, зладжанасцю і “тлустасцю” ігры музыкаў, простымі і запамінальнымі “найгрышамі” духавых, песнямі пра жыццё, гарэлку, радасць і смутак жыцця. Па словах лідэра каманды Паўла Яноўскага, фэст паўстаў перад ім “глытком свабоды”.

Павел Яноўскі: “Я так з першага разу нічога не зразумеў. Калі фэст адбудзецца ў наступным годзе, то можна гаварыць пра нейкі фестываль. А пакуль гэта ўсё нагадвае разавую акцыю, “глыток свабоды”. Калі лічыць яго пачаткам чагосьці, дык усё ў парадку”.

Паводле Паўла, адна з праблем “гуртоў на разагрэве” — адсутнасць ганарараў, якія неабходныя музыкам як для творчасці, так і для жыцця ўвогуле.

Павел Яноўскі: "Запрасілі нас як “разагрэў”. Пра ганарар тут гаворка не ідзе. Лічыцца што з такімі гуртамі на адной сцэне можна граць бясплатна. То бок, людзі, якія “разаграваюць” ТАКІЯ  гурты, не харчуюцца нічым, не кормяць сваіх жонак, дзяцей, і ўвогуле яны нейкія паветраныя і нематэрыяльныя. Таму плаціць ім не трэба”.

На дадзены момант гурт “Пару Рублей” рыхтуе да выдання другі па ліку студыйны альбом, рэліз якога запланаваны на восень. Павел Яноўскі кажа, што матэрыял пласцінкі гатовы ўжо на 70 адсоткаў, і спадзяецца, што нават усегалактычная рэвалюцыя не паўплывае на планы гурта.

“Мы насамрэч вельмі радыя. Мы ўвогуле прыязджалі паслухаць “Пару Рублей”. Класная каманда. Нам вельмі падбаецца! — кажуць хлопцы, што падскочылі паціснуць руку музыкам гурта. — Шнур, вядома, таксама класны, але “Пару Рублей” для нас нармальныя хлопцы, я за іх!”

Шнура сапраўды чакалі, яго не было тут каля пяці гадоў у сувязі з забаронай ў Беларусі знакамітага “Ленінграду”. А зараз у Сяргея Шнурава новы гурт — “Рубль”, які грае далёкі ад “ска” хард-рок у духу вядомых AC/DC але з уласнымі Шнураву фішкамі. І мацюкі засталіся — смачныя мацюкі, якія не могуць успрымацца інакш, чым мастацкі элемент філасофскай думкі генія.




“Шнураў на канцэрце амаль не ўсміхаўся, а гэта не добра, — кажа знаўца творчасці Шнурава. — Ён шукае сябе новага. У новых песнях нават можна пачуць нейкі момант шкадавання (“Мы играли в самой ох…нной группе”)… Новы свой гурт ён не лічыць такім “ах..нным”. Ды і рок не так весела граць, як ска”.

Дарэчы, Еўрарадыё падфарціла: пасля выступу гуру расійскага рок-мацюка запрасіў нашу карэспандэнтку да сябе ў гатэльны нумар на эксклюзіўную размову. Апынулася, што Сяргей Шнураў не супраць выступіць у Мінску з вялікім канцэртам.

Сяргей Шнураў: “Я не ведаю, як складзецца лёс. Хачу прыехаць. Увогуле, туды, куды мне не хочацца прыязджаць, я намагаюся не ездзіць. А вось фестываль “Паляна” — шыкоўны. Вельмі зручна знаходзіцца нумар гатэля — толькі адыграў і ўжо адразу дома”.

Вядома, што апроч беларускай “Паляны” гурт “Рубль” можна будзе ўбачыць на іншых фестывальных летніх пляцоўках.

Сяргей Шнураў: “Летам нас чакае шмат чаго: і фестываль “Кубана”, у Ніжнім Ноўгарадзе фэст, у Пецярбургу, у Літве. Гэта такія асобныя выступы — мы ніколі не ездзім у туры, таму што нам цяжка іграць два дні запар у поўную моц, а лухтой мы імкнемся не займацца”.

Зусім нядаўна ў Маскве музыкант адкрыў першую персанальную выставу пад назвай "Эксклюзіў брэндрэалізму".

Сяргей Шнураў: “Што зараз адбываецца на выставе, я не ведаю, але вось адкрыццё было шыкоўным. Галерэя задаволеная, уся крытыка — станоўчая. Адкрыццё было феерычным — канец дня я ўвогуле не памятаю. У рэдкія дні мне дораць кветкі, калі гэта не мой Дзень народзінаў. Вось гэта быў той дзень”.

Ці пабачаць выставу Сяргея Шнурава ў іншых краінах залежыць толькі ад жадання запрашаючага боку, лічыць музыкант.

Сяргей Шнураў: “Калі запросяць — чаму б і не. Іншая справа, што фарматы карцін аграменныя і перавозіць іх даволі цяжка. У самалёт яны не змесцяцца”.

Цікава, што аднойчы ў Мінску Сяргей Шнураў адыграў хатні акустычны канцэрт!

Сяргей Шнураў: “Насамрэч, я проста здымаўся ў кіно і доўга тут жыў. Не было чым заняцца! Таму я сыграў гэты канцэрт, паставіў фінальную кропку ў здымках. На выступе была амаль уся здымачная група, можна сказаць, хатні такі канцэрт. Пасля яго мы ўсе, канешне, напіліся”.

Цікава, што пасля “канчыны” “Ленінграду” Шнураў разлюбіў гурты з “дудкамі”. Нават дудкі “Ляпісаў” яго не задавальняюць.

Сяргей Шнураў: “Мы час ад часу сустракаемся з імі, так. Але я больш не магу слухаць каманды, у якіх прысутнічаюць духавыя інструменты. Мне гэта рэжа слых”.

Па словах Сяргей Шнурава, беларускія каманды даволі заўважныя ў Маскве.

Сяргей Шнураў: “Насамрэч, я чуў шмат беларускіх калектываў. Толькі, на жаль, назваў не памятаю. Яны вельмі яскравыя па мелодыцы. Беларусаў чуваць!”.






Шнурава, канечне, чакалі ў Беларусі. Але ўсё-такі краіна яшчэ больш чакала сваіх герояў. І пасля ўладкавання некаторых арганізацыйных недарэчнасцяў акрабаты, паэты і нонканфармісты выйшлі на сцэну, і “музыкі гром разбіў межы”. “Ляпіс Трубецкой” выглядаў магутна, манументальна, упэўнена і пазітыўна. Па ўсім відаць, што каманда стаіць на парозе вялікага еўрапейскага туру і еўрапейскай славы. Прарок Міхалок выхоўваў гледача, тлумачыў яму сутнасць космасу і жыцця, распявядаў, як важна не быць “скатом” і прызываў хадзіць у лазню…










Такім чынам “Ляпісы” прэзентавалі альбом “Культпрасвет” на “Паляне”. Хоць выглядала гэтая прэзентацыя вялікім зваротам вялікага чалавека да вялікага народа, які чакаў “Belarus Freedom”. І дачакаўся.










Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі