Жыццё Еўравёскі, песні фэнаў і баявая гатоўнасць да "беларускага" паўфіналу
У Кіеве скончылася апошняя рэпетыцыя другога паўфіналу "Еўрабачання-2017". У ім выступаюць і прадстаўнікі Беларусі Naviband. Гледачы, якія толькі што паглядзелі тое, што мы ўбачым ў 22.00 па тэлевізары, як адзін хваляць беларускі дуэт і ўпэўненыя, што фінал Naviband свеціць.
Зараз усім удзельнікам робяць грым да вечаровага шоу. Пра гатоўнасць каманды з пункту гледжання харэаграфіі распавядае Таццяна Астравух — адказная за рухі Ксюшы і Арцёма на сцэне.
"Працваваць з вакалістамі заўсёды складана, бо шмат нюансаў звязана з дыханнем. Да таго ж, яны не танцоры, і гаворка ідзе не пра харэаграфію, а пра моцную, асабістую і камфортную пластыку, каб гледачу было глядзець і ўспрымаць цэлую песню. Ксюша і Арцём вельмі цікавыя, вельмі жывыя. Яны не падобныя ні да каго з тых, з кім мне даводзілася працаваць. У іх добрая будучыня, бо яны вельмі шчырыя. Я веру, што мы будзем у фінале".
У прэс-цэнтры ажыятаж. Журналісты актыўна працуюць. Абмяркоўваюць скандал з балгарскім удзельнікам "Еўрабачання", які, як апынулася, з'яўляецца грамадзянінам Расіі, ды і ў Крыме пабываў падобна расійскай удзельніцы Юліі Самойлавай, якую ва Украіну не пусцілі. А яшчэ журналісты спяваюць песні сваіх краін, апранулі адпаведны мерч і даюць адно аднаму інтэрв'ю.
Дарэчы, прамую трансляцыю "Еўрабачання" можна будзе паглядзець і ў Еўравёсцы. Вялікая фан-зона займае ўвесь Крашчацік. Там удзень нешматлюдна. Хіба што нашы знаёмыя вясёлыя нямецкія фэны, пераапрануўшы касцюмы Веркі Сярдзючкі на касцюмы Элвіса, радуюць натоўп яркасцю і добрым настроем.
Бліжэй да вечара Еўравёска запаўняецца людзьмі. Кіяўляне кажуць, што "Еўрабачанне" прынесла ў Кіеў пазітыў і прымусіла жыхароў сталіцы Украіны ўсміхацца.