Што не так з абвінавачваннем у справе "рэгнумаўцаў"?

Што не так з абвінавачваннем у справе "рэгнумаўцаў"?

У Мінску працягваецца суд над аўтарамі расійскага інфармацыйнага агенцтва Regnum. Дацэнта БДУІР Юрыя Паўлаўца, брэсцкага ахоўніка Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнку вінавацяць у распальванні расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці.

Зачытванне абвінавачання заняло ў пракурора амаль чатыры гадзіны. Шмат што ў абвінавачванні выклікае пытанні. Загадчыца лабараторыі псіхолага-лінгвістычных экспертыз Алеся Андрэева распавяла ў судзе, што аналіз па пытанні міжнацыянальнай варожасці праводзіўся па расійскай метадалагічнай літаратуры, бо беларускіх выданняў па гэтай тэматыцы ўвогуле не існуе. Пры гэтым амаль што ўсё абвінавачванне будуецца выключна на высновах дзяржаўнай экспертызы.

Пракурор Аляксандр Кароль запытаў пяць гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на тры гады, таксама ён прапанаваў зняць абвінавачанні да Шыптэнкі і Паўлаўца ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

"Ёсць скажэнні фактаў, ёсць "мова варожасці". Аднак заклікаў да гвалту ў іх няма"

Рэспубліканская экспертная камісія лічыць, што гэтыя артыкулы спрыялі распальванню міжнацыянальнай варожасці. Аднак юрыст БАЖ Алег Агееў не заўважыў гэтага ў прыведзеных цытатах. Ён згодны, што ў тэкстах прысутнічае так званая мова варожасці. Але гэта ніяк не цягне на артыкул, за які даюць ад 5 да 12 гадоў:

"У тэкстах няма заклікаў да ўжывання гвалту, няма ярка выяўленых сцвярджэнняў узвялічвання або прыніжальных выказванняў. Распальванне варожасці магчымае паміж дзвюма групамі, калі адну групу ўзвялічваюць перад другой. У іх тэкстах я такога не знайшоў. Ёсць вельмі сумнеўныя аналітычныя выказванні са спрэчнымі высновамі. Ёсць скажэнні фактаў, ёсць "мова варожасці". Аднак заклікаў да гвалту ў іх няма".

Тэксты, на якія спасылаецца абвінавачванне, не супадаюць з тэкстамі на сайце “Рэгнум”.

Паміж тэкстамі, якія агучваў пракурор у абвінавачванні, і апублікаванымі на сайтах, ёсць несупадзенні. Напрыклад, практычна ўсюды ў абвінавачванні прыбранае імя Аляксандра Лукашэнкі, які часта фігуруе ў тэкстах на сайтах. На думку юрыста, гэта магло адбыцца з-за таго, што эксперты выкарыстоўвалі для аналізу тэксты, якія былі канфіскаваныя ў абвінавачаных, а недакладнасці ў фразах могуць быць наступствам рэдактуры:

"Адзінае што можа абяліць экспертаў — яны аналізавалі тэксты з канфіскаваных кампʼютараў, а на сайце мы бачым "адрэдагаваны" варыянт. Аднак пацвердзіць ці абвергнуць гэта мы не можам, бо ў нас няма арыгінальных тэкстаў".

Эксперт дае выснову, што "крытыка ўладаў сведчыць аб распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце да беларускага народа".

На думку юрыста БАЖ Алега Агеева, матэрыялы справы і допыт сведак на судзе сведчаць аб тым, што ў Беларусі няма метадалогіі правядзення падобных экспертыз:

"Я перакананы, што лінгвістычнай і псіхалагічнай экспертызы ў дадзеным выпадку недастаткова. Эксперт лінгвіст не валодае патрэбнымі ведамі палітолага і гісторыка. У выніку мы атрымліваем высновы эксперта, што "крытыка беларускіх уладаў сведчыць аб распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце да беларускага народа". Але "беларускія ўлады" і "беларускі народ", на шчасце, не тоесныя паняцці. Крытыкаваць беларускую ўладу трэба. Але гэта не будзе распальваннем варожасці па нацыянальнай прыкмеце ў дачыненні да беларусаў. Аднак эксперты у сваіх заключэннях вельмі часта гэтыя паняцці рабілі тоеснымі".

Бянтэжыць той факт, што іх абвінавачваюць у тым, што яны былі ў змове з групай асоб праз сувязное звяно, і гэты момант выклікае шмат пытанняў: яны паміж сабой нават не знаёмыя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі