Што прапаноўвалі крэдыторы Афінам і чаму грэкі не пагадзіліся
Крызіс у Грэцыі ў пытаннях і адказах.
Што адбылося
5 ліпеня ў Грэцыі прайшоў рэферэндум. Пытанне на ім гучала так: "Ці прыняць праект пагаднення, які быў прадстаўлены Еўрапейскай камісіяй, Еўрапейскім цэнтральным банкам і Міжнародным валютным фондам на Еўрагрупе 25.06.2015 і які складаецца з двух дакументаў з агульнай прапановай: першы ― "Рэформы для завяршэння існуючай праграмы і пасля яе" і другі ― "Папярэдні аналіз устойлівасці доўга?".
61% адказалі крэдыторам "Не" (яўка склала 62,5%). Такім чынам, грэкі адмовіліся ад мер жорсткай эканоміі і скарачэння бюджэтных расходаў у абмен на новыя пазыкі.
Якія рэформы прапаноўвалі крэдыторы грэкам
Прапановы крэдытораў уключалі тры асноўныя блокі.
1. Маштабная падатковая рэформа: павышэнне падатку на дададзеную вартасць (ПДВ), павелічэнне карпаратыўнага падатку, увядзенне новых пошлін на "прадметы раскошы", адмена асобных ільгот і субсідый фермерам.
2. Пенсійная рэформа. Яна прадугледжвала поўную адмену датэрміновага выхаду на пенсію (на сёння грэкі могуць сыходзіць на пенсію ў 50 ці 55 гадоў). 3. Маштабная рэформа рынку працы і стварэнне адзінай сістэмы заробкаў у дзяржаўных структурах.
Што прапаноўваюць крэдыторы і на што гатовая пайсці Грэцыя
Сёння |
Прапановы Крэдытораў |
Прапановы Грэцыі |
|
Падатак на прыбытак |
26% |
Не большы за 28% |
Павялічыць да 29% |
Скарачэнне выдаткаў на абарону |
800 млн еўра |
- 400 млн еўра |
- 200 млн еўра |
Павысіць пенсійны ўзрост |
65 гадоў (але можна сыходзіць і раней) |
Да 67 гадоў да 2022 года (Крэдыторы згадзіліся нават на выхад на пенсію ў 62 гады, толькі калі чалавек плаціў падаткі на працягу 40 гадоў) |
Да 67 гадоў да 2032-га |
Адмена дапамогі маламаёмасным пенсіянерам |
Да канца 2017-га |
Да 2020-га |
Таксама крэдыторы патрабавалі адмены льготных падаткаў для фермераў, у сваю чаргу Грэцыя спрабуе захаваць іх для жыхароў астравоў з малымі даходамі.
Яшчэ крэдыторы не пагаджаюцца з прапановай увядзення 12% падатку для фірм з даходам большым за 500 млн еўра.
Як адрэагавалі на вынікі рэферэндуму
Кіраўнікі ЕС папярэдзілі, што калі грэкі адмовяцца ад умоў фінансавай дапамогі, гэта можа выклікаць выхад Грэцыі з еўразоны. Аднак прэм'ер Алексіс Цыпрас падкрэсліў, што пра выхад краіны з ЕС гаворка не вядзецца. Вынік рэферэндуму ўрад Грэцыі разглядае як платформу для больш выгадных умоў новага фінансавага пагаднення.
Еўрапейскія лідары нагадваюць пра наступствы, якія могуць апынуцца сумнымі для грэкаў. У сваю чаргу папярэднік Цыпраса, былы прэм'ер-міністр краіны Антоніс Самарас называе вынікі "гістарычнай памылкай для Грэцыі і Еўропы". Гэтак жа выказаўся кіраўнік Еўрагрупы Ерун Дэйселблум. Ён адзначыў, што для аднаўлення грэчаскай эканомікі неабходныя цяжкія рашэнні і рэформы, і цяпер у ЕС будуць чакаць ініцыятыў ад кіраўнікоў краіны.
Кіраўнік МЗС Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер чакае наступнага кроку ў пагадненні ад Афін. А старшыня Еўрапарламета Марцін Шульц у сваім стылі троліць грэкаў і кажа, што Грэцыі спатрэбіцца ўжо не фінансавая, а гуманітарная дапамога.
Што будзе далей
На аўторак Дональд Туск склікаў саміт міністраў фінансаў і лідараў краін ЕС па грэчаскім пытанні. Калі ж не атрымаецца заключыць пагадненне паміж крэдыторамі і Афінамі, а Грэцыя выйдзе з еўразоны і верне сваю валюту, то эканоміку краіны чакае даволі доўгі крызіс. Пасля вяртання нацыянальнай валюты грэкі адразу ж адчуюць зніжэнне іх пакупніцкай здольнасці на імпартныя тавары, кошт якіх застанецца ў еўра, банкі вымушаныя будуць "сысці на вакацыі", укладчыкі не змогуць атрымаць доступ да грошай. Усе гэтыя фактары прывядуць да яшчэ большага беспрацоўя.
У пазітыўным выпадку, пры палітычнай стабільнасці Грэцыя можа стаць прывабнай для замежных інвестараў не з Еўрасаюза, магчыма, пойдзе на больш цесныя перамовы з Расіяй.
Нагадаем, 30 чэрвеня Грэцыя мусіла выплаціць МВФ 1,6 мільярда еўра, але такіх грошай у краіны няма. Дапамагчы Афінам разлічыцца маглі б 7 мільярдаў еўра, якія ёй прапаноўвалі ў межах другой праграмы фінансавай дапамогі, але на рэферэндуме 5 ліпеня Грэцыя адмовілася ад умоў эканоміі.
Фота: Reuters