Што рабіць і як выратаваць Беларусь ад ядзернай зброі? Неаптымістычны прагноз

Прызнаць Беларусь акупаванай? Прыняць яе ў NATO? Усё гэта нерабочыя варыянты. А ці ёсць рабочы? / GETTY IMAGES
Прызнаць Беларусь акупаванай? Прыняць яе ў NATO? Усё гэта нерабочыя варыянты. А ці ёсць рабочы? / GETTY IMAGES

Беларусь не можа разлічваць на статус акупаванай краіны, уступленне ў NATO таксама ёй пакуль не свеціць, лічыць гісторык і незалежная экспертка Роза Турарбекава.

Шэраг палітолагаў у апошнія дні выступае з рознымі, у тым ліку фантастычнымі, версіямі развіцця падзей, пры якіх можна было б "выратаваць" Беларусь ад размяшчэння расійскай ядзернай зброі на яе тэрыторыі. Ці, прынамсі, ад удару ў адказ у выпадку прымянення гэтай зброі з тэрыторыі Беларусі.

— Я не лічу, што Беларусь — акупаваная краіна з міжнародна-прававога пункту гледжання. Я разумею, чаму з псіхалагічнага пункту гледжання выкарыстоўваюць такі тэрмін, але з міжнароднага пункту гледжання ніхто з гэтым не пагодзіцца. У Беларусі не дзейнічае марыянеткавы рэжым.

Калі б беларускае войска падпарадкоўвалася камандаванню Крамля і ўступіла ў вайну, тады так, імаверна, можна было б разлічваць на такое прызнанне. І ўсё роўна нават прызнанне краіны акупаванай не будзе гарантыяй таго, што па Беларусі не будуць наносіць удар.

Некаторыя палітолагі лічаць, што Святлана Ціханоўская магла б ад імені Беларусі падаць заяўку на ўступленне ў NATO. Такія ідэі Турарбекава таксама жорстка крытыкуе.

— Спярша Ціханоўскую трэба прызнаць законнай прадстаўніцай беларускага народа. Але ў адпаведнасці з Канстытуцыяй законным прадстаўніком беларускага народа з'яўляецца хто? Прэзідэнт. Значыць, для гэтага Ціханоўскую трэба прызнаць прэзідэнтам. Тады яна можа напісаць заяўку.

Краіны NATO — яны прызнаюць яе прэзідэнтам? Не. Ну дык як яна можа напісаць заяўку?

Я разумею, што гэтая навіна [пра планы Пуціна размясціць у Беларусі тактычную ЯЗ] шакавальная, і можа падацца, што рэзкае рашучае дзеянне можа сітуацыю выратаваць. Але "падставы" [для прыёму Беларусі ў NATO або прызнання яе акупаванай краінай] — гэта вельмі важна, таму што інакш мы апускаемся ў нейкія джунглі. "Хто што хоча, той тое і чыніць" — гэта прыкладна той самы ўзровень, што ў Пуціна з Лукашэнкам.

Так, многія рэчы цяпер трэба рабіць хутка і рашуча. Але паніку разводзіць не трэба. Трэба разумець, што рэальнае, а што не.

Турарбекава прызнае: яна не ведае, што можа спыніць Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнку ад размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі, калі такое рашэнне ўжо прынятае.

— Што можна зрабіць? Калі рашэнне ўжо прынятае, я не ведаю, што можа спыніць Пуціна і Лукашэнку. Трэба рыхтавацца да таго, што будзе, — несуцяшальна рэзюмуе экспертка.

Поўную версію размовы глядзіце на ютуб-канале Еўрарадыё.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі