Што значыць "поўная нармалізацыя адносінаў" з ЗША?

Што значыць "поўная нармалізацыя адносінаў" з ЗША?

25 красавіка Уладзімір Макей заяўляе, што Беларусь і ЗША гатовыя да поўнай нармалізацыі адносін. А таксама паведаміў, што абедзве краіны цяпер знаходзяцца на этапе "паступальнага пашырэння пазітыўнай атмасферы ў адносінах".

Нечаканае паведамленне аб паляпшэнні беларуска-амерыканскіх адносінаў было зробленае падчас цырымоніі адкрыцця дошкі ў памяць амерыканскай супрацоўніцы Арганізацыі Аб'яднаных Нацый Рут Уолер у мінскай сярэдняй школе № 130. Акрамя кіраўніка беларускага МЗС, у ёй узялі ўдзел таксама намеснік генеральнага сакратара ААН Хэлен Кларк і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.

Палітолаг Андрэй Елісееў мяркуе, што гаворка вядзецца пра магчымае аднаўленне паўнавартасных дыпламатычных адносінаў ― у Мінску і Вашынгтоне ўжо шмат гадоў няма амбасадараў, іх функцыі выконваюць часовыя прадстаўнікі.

"Гаворка можа весціся пра абмен паўнавартаснымі амбасадарамі і павелічэнне штату дыпламатычных прадстаўніцтваў. То бок усё вернецца да той сітуацыі ў адносінах, якая была да 2008 года", ― кажа Елісееў.

Колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочаная па патрабаванні беларускага боку з 35 чалавек да 5 ў сакавіку 2008 года з-за ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна "Белнафтахім". Неўзабаве пасля гэтага амбасадар Беларусі ў ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы для кансультацый, а Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. Санкцыі ў дачыненні да "Белнафтахіма" былі ўведзеныя ЗША ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі, іх часткова знялі ў канцы кастрычніка мінулага года.

Яшчэ адзін эксперт, Андрэй Казакоў, мяркуе, што пад нармалізацыяй адносінаў варта разумець таксама супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі:

"Сама па сабе нармалізацыя таксама азначае, што будзе тэхнічнае супрацоўніцтва, не будзе больш супрацьстаяння на ўзроўні міжнародных арганізацый. ЗША маюць свой уплыў і на МВФ, і на Сусветную гандлёвую арганізацыю. Адпадуць гэтыя перашкоды, якія былі створаныя дрэннымі стасункамі паміж ЗША і Беларуссю".

Ці паўплывае рашэнне Мінска "нармалізавацца" на адносіны з іншымі краінамі Захаду ― з тым жа Еўрасаюзам? Андрэй Елісееў мяркуе, што прамой сувязі тут няма, але ўплыў можа быць:

"Зразумела, ЗША і ЕС кансультуюцца па Беларусі паміж сабой. Але іх палітыка ў дачыненні да нашай краіны не настолькі ўзаемазвязаная. Аднак варта зважаць на пацяпленне адносінаў з Захадам у цэлым. Заява Макея пра ЗША значыць, што Беларусь гатовая да гэтага. Калі паляпшаюцца адносіны з ЗША, то паляпшаюцца яны і з Еўрасаюзам. І наадварот", ― кажа эксперт.

Што дасць беларусам з'яўленне ў Мінску паўнавартаснай амерыканскай амбасады (акрамя магчымасці атрымліваць візы)? Пытанне адкрытае. Абодва эксперты сыходзяцца ў тым, што гэта толькі першы крок, які зусім не абавязкова прывядзе да прытоку амерыканскіх інвестыцый у нашу краіну. І тым больш, не стане прычынай для рэшты свету лічыць Беларусь цалкам дэмакратычнай краінай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі