Шторм “Ніклас” прынёс у Еўропу разбурэнні і хаос: ёсць ахвяры (відэа)
Цыклон накрыў практычна ўсе краіны заходняй часткі кантыненту.
Шторм “Ніклас” прынёс разбурэнні і хаос у еўрапейскія краіны. У Германіі моцным ветрам паваліла дрэвы, абарвала лініі электраперадач. У выніку неспрыяльнага надвор’я парушыўся аўтамабільны рух, у асобных раёнах спыніліся чыгунка і паромы. Два чалавекі загінулі, калі на грузавік, у якім яны ехалі, павалілася дрэва. Яшчэ аднаго чалавека прыціснула нахіленай бетоннай сцяной. Ёсць паведамленні пра некалькіх параненых.
У Аўстрыі цыклон адзначыўся моцным ветрам, хуткасць якога дасягала 100 метраў за секунду. У некаторых населеных пунктах разбураныя дахі дамоў. Адзін чалавек загінуў, калі рамантаваў зламаны дах — ён упаў з лесвіцы.
На паўночную Чэхію абрынуліся моцныя снягі, якія змяняліся дажджом і галалёдам. Тут таксама моцным ветрам пашкодзіла лініі электраперадач, у выніку чаго без святла засталіся некалькі населеных пунктаў.
Рух транспарту ўскладнены ў Вялікабрытаніі і ў Нідэрландах, адтуль таксама прыйшла і інфармацыя пра аднаго загінулага, перадае Еўраньюз.
Фота: Reuters, AP