Шумчанка: Настолькі масавага закрыцця гандлёвых кропак я не прыгадаю

Дэвальвацыя рубля моцна ўдарыла па многіх беларусах. У тым ліку, па дробных і сярэдніх прадпрымальнікам. Гандляр з гродзенскага рынка Юрый расказвае Еўрарадыё, што за будні дзень цяпер не можа нагадляваць нават на 200 тысяч.

“За дзень прадаецца тавару прыкладна на 150-180 тысяч. Гэта серада-чацвер-пятніца. У суботу на 400 прадаў. У нядзелю — на 1,5 мільёна. У людзей няма грошай”, — мяркуе ён.

Юрый дадае, што гандляры вымушаныя скарачаць колькасць працоўных дзён — гандлююць цяпер у асноўным у выхадныя дні, па буднях намёты закрытыя. Яно зразумела, каму хочацца цэлы дзень працаваць амаль безвынікова. Гандляр таксама згадвае пра скарачэнне асартыменту — у людзей не хапае грошай, каб набыць якасны тавар высокага гатунку. Таму гандляры выбіраюць таннейшы тавар — дарагія рэчы прадаць цяпер стала нашмат цяжэй.

“Яшчэ увосень сітуацыя была кардынальна іншая. А цяпер ніхто нічога не хоча набываць”, — дадае Юрый.

Адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху, Анатоль Шумчанка, расказвае, што у Мінску сітуацыя часта яшчэ горшая, чым у рэгіёнах. Арэнда гандлёвых месцаў у сталіцы значна даражэйшая, чым у абласных гарадах. А яна прывязаная да курса еўра і вырасла за апошні месяц прыкладна на 40%. Прадпрымальнікі літаральна распрадаюць тавар ніжэй за сабекошт, каб аплаціць усе рахункі.

“Даходзіць да таго, што тавар, які раней прадавалі за 100 долараў, прадпрымальнік прадае за 40, каб проста было, за што ў краму схадзіць, машыну заправіць. Вось вам прыклад. Шмат у каго кошты пералічаныя па 11 тысяч за долар, па 12”, — расказвае Шумчанка.

Па яго словах, апошняя дэвальвацыя падкасіла як ніколі многа прадпрымальнікаў. “Былі праблемы і ў 2011, і раней, але настолькі масавага закрыцця гандлёвых кропак я не прыгадаю”, — кажа Шумчанка.

Ён адзначае, што гандлёвыя цэнтры Мінска пусцеюць — прадпрымальнікі не могуць “пацягнуць” высокую арэнду. У дадатак людзі перасталі набываць рэчы, завозіць новыя партыі тавару стала небяспечна — няма гарантыі, што яго раскупяць.

Шумчанка не бярэцца прадказваць, што будзе з прадпрымальнікамі далей. Гэта залежыць як ад сітуацыі ў гаспадарцы краіны, так і ад палітыкі дзяржавы, якая не зніжае падатковага ціску. На думку лідара прадпрымальнікаў, цяпер неабходна хаця б на нейкі час адмовіцца ад падатковых праверак і канфіскацый — гэта дазволіць прадпрымальнікам перажыць складаныя часы.

“Трэба накласці мараторый на праверкі, на канфіскацыі. Трэба проста адчапіцца ад прадпрымальнікаў. Дзяржаве трэба на час забыць пра іх. Людзі плацяць падаткі, ні ў каго нічога не крадуць. Як там Лукашэнка сказаў? “Грошы любяць цішыню”. Я магу сказаць тое самае”, — перакананы Шумчанка.

16 лютага падпрымальнікі з усёй краіны правядуць у Мінску форум. Людзі настроеныя рашуча, збіраюцца патрабаваць ад уладаў палёгку і льготы. Пытанне — ці захочуць улады падтрымаць гандляроў у складаны для іх час.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі