Шуневіч: Беларуская міліцыя блізка да сэрца прыняла падзеі ва Украіне
Міністр унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч 4 сакавіка зрабіў заяву, якая датычыць падзеяў ва Украіне і іх наступстваў.
"Я ведаю настрой беларускай міліцыі, я ведаю настрой вайскоўцаў унутраных войскаў Рэспублікі Беларусь, — цытуе словы Шуневіча БЕЛТА. — Ён неадназначны, але характарызуецца наступнымі высновамі: па-першае, супрацоўнікі ўнутраных спраў заклапочаныя гэтай сітуацыяй і вельмі блізка прынялі яе да сэрца. Кожны з іх суперажывае тым трагічным падзеям, якія адбыліся ва Украіне. Суперажываюць загінулым, членам сем'яў супрацоўнікаў органаў унутраных спраў і выказваюць упэўненасць у тым, што гэтыя падзеі спыняцца, не будзе пераследу супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія выконвалі свае абавязкі, служылі тым законам, якія існавалі ва Украіне, і членам іх сем'яў".
Міністр, верагодна, мае на ўвазе байцоў спецпадраздзялення "Беркут", якое было нядаўна распушчанае ва Украіне. Ратуючыся ад прыцягнення да крымінальнай адказнасці, нямала беркутаўцаў уцякло ў Расію, павывозілі свае сем'і.
Таксама Шуневіч спыніўся на тым, ці паўплываюць украінскія падзеі на Беларусь. "Што датычыць нашай дзяржавы, я з упэўненасцю магу заявіць, што такая сітуацыя, якая адбылася ва Украіне, яна немагчымая ў Рэспубліцы Беларусь, — сказаў міністр унутраных спраў. — Органы ўнутраных спраў, вайскоўцы ўнутраных войск гатовыя выканаць любую задачу, для таго, каб прадухіліць эскалацыю любога канфлікту, ускладненне сітуацыі, як аператыўнай, так і ўнутрыпалітычнай. Для гэтага ёсць усе сілы і сродкі, ёсць воля, уменні, навыкі. Але я спадзяюся, я ўпэўнены, што выкарыстанне гэтых навыкаў, гэтага інструментарыя, які знаходзіцца ў нашым распараджэнні, будзе толькі для раскрыцця і прадухілення злачынстваў ды правапарушэнняў".