Шуневіч патлумачыў, чаму быў на парадзе ў форме камісара міліцыі НКУС
9 траўня міністр унутраных спраў здзівіў многіх сваім абмундзіраваннем.
Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у сераду ў Палаце прадстаўнікоў пракаментаваў журналістам сваё з'яўленне 9 траўня на парадзе Перамогі ў Мінску ў дзіўным абмундзіраванні. Ён стаяў каля Аляксандра Лукашэнкі ў форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі НКУС СССР узору 1943 года (у цёмна-сіняй гімнасцёрцы з жорсткім каўнерыкам, партупеі, галіфэ з бірузовымі лампасамі, запраўленымі ў боты, і сіняй фуражцы з бірузовым аколышам).
Ігар Шуневіч сказаў, што не хацеў бы дадаткова тлумачыць "відавочнае". Але адзначыў:
"У гэтай форме мае папярэднікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў абаранялі Радзіму, паміралі, гінулі, здзяйснялі подзвігі. Гэта даніна павагі да іх, не больш".
Нагадаем, сёння міністр унутраных спраў прадстаўляў у Палаце прадстаўнікоў законапраект аб амністыі. Ён быў прыняты ў двух чытаннях.
Фота з сайта Аляксандра Лукашэнкі і Еўрарадыё