Сірыйскія выкрадальнікі беларускі выйшлі з ёй на сувязь
Святлана Маркіяновіч распавядае Еўрарадыё пра цягу вярнуцца ў Ліван і пра арабскіх бандытаў, якія пасля яе выкрадання гуляюць на волі.
Святлану Маркіяновіч і яе калегу-танцоўшчыцу малдаванку Карыну Кольцу скралі ў ліванскай Джуніі на пачатку жніўня. Прабыўшы ў палоне каля месяца, дзяўчаты здолелі ўцячы і выратавацца ад бандытаў у мячэці.
А ў канцы верасня Святлана вярнулася ў Мінск. За паўтара месяца яна паспела засумаваць па ліванскай працы.
“Шчыра скажу, мяне туды цягне, але там вайна, вось у чым справа, ― прызнаецца Святлана. ― Нават у Бейруце днямі ля іранскага пасольства былі выбухі. Туды ехаць нельга. Хоць сказалі, што ўезд для мяне закрыты не будзе. Таксама прапаноўваюць у Германію, але там усё вельмі строга. У мяне знаёмая нядаўна туды выправілася, і на мяжы не прапусцілі. Там таксама небяспечна: могуць падмануць, і бандытызм ёсць паўсюль. Могуць прадаць у рабства, цяпер гэта вельмі прыбыткова. І людзьмі гандлююць за вялікія грошы. Таму калі паеду за мяжу, паведамлю пра гэта ў нашу міліцыю”.
Свежы партрэт Святланы Маркіяновіч з яе сацыяльных сетак
Еўрарадыё: А чым вы цяпер займаецеся ў Беларусі? За што жывяце?
Святлана Маркіяновіч: У Ліван я ездзіла не адзін раз. Натуральна, эканоміла, і цяпер жыву на тыя запасы. Прыстройвацца ў Беларусі на працу не спяшаюся, таму што пасля тых заробкаў ісці на нашы вельмі складана. У мяне адукацыя бухгалтара, толькі ў гэтай сферы я магу працаваць. Магчыма, знайду нешта ў Беларусі. Але вы самі ведаеце, колькі ў нас маюць бухгалтары. У Ліване ж магчыма зарабіць і тры тысячы долараў за месяц.
Еўрарадыё: Раней СМІ перадавалі, што некаторыя вашы выкрадальнікі затрыманыя, а арганізатара банды прысудзілі да вышэйшай меры…
Святлана Маркіяновіч: Я ведаю, што злавілі толькі аднаго, самага галоўнага выкрадальніка ― Мустафу. Мустафа, мяркуючы па яго ж расказах, раней уваходзіў у Свабодную сірыйскую армію, але потым перастаў гэтым займацца і перайшоў на бандытызм. Але гэтай арміяй ён прыкрываўся. Яго пасадзілі, але не вядома, ці расстралялі. Як сказала сірыйская журналістка Анхар Кочнева, нейкі спецыяльны спіс такіх людзей у іх не абнаўляўся. А ўсяго сярод выкрадальнікаў было каля 20 бандытаў. І яны квітнеюць і пахнуць на свабодзе. Напрыклад, адзін з іх, Дзік, не так даўно, па словах Анхар, бесперашкодна ездзіў у Турцыю. Яшчэ адзін, Анас, нядаўна даслаў мне запыт у “Скайпе”, каб дадацца ў мае кантакты, пагутарыць.
Еўрарадыё: Як жа ён вас знайшоў?
Святлана Маркіяновіч: Анас ― аматар камп’ютараў. Аднойчы я папрасілася ў яго залезці ў “Скайп”, каб звязацца са сваякамі. Мой адрас застаўся ў памяці, і вось ён вырашыў да мяне пагрукацца. Відаць, хацеў паразмаўляць, што мы такія кепскія, уцяклі. А я спужалася і адразу яго заблакавала, не стала з ім размаўляць. Калі мы ўцякалі, ён акурат быў унізе, спаў. Іх тады было трое ці чацвёра.
Еўрарадыё: У родным Жодзіна вы ўжо больш як паўтара месяца. Па прыездзе вас запрасілі на размову ў міліцыю. Пасля гэтага яшчэ выклікалі?
Святлана Маркіяновіч: Больш не чапаюць. Жыццё стала больш спакойным, хаджу на аэробіку, займаюся здароўем, каб прыйсці ў сябе. Часам здараецца непрацяглая дэпрэсія, бо асадак застаўся, успаміны часам набягаюць. Анхар Кочнева дапамагае мне аднавіцца, раіць пра ўсё забыцца. Кажа, што можна нават вярнуцца ў Ліван і ніхто мяне не будзе шукаць, бо выкуп атрымаць не выйдзе. Часам наша перапіска нават пераходзіць на гумарыстычны лад.
Еўрарадыё: Святлана, да сваёй ранейшай працы вы, верагодна, вернецеся. Нашы слухачы ― сучасныя людзі. Ці маглі б вы патлумачыць, на чым праца ў якасці танцоўшчыцы і хостэс грунтуецца?
Святлана Маркіяновіч: Проста альбо танцуеш на сцэне, альбо камунікуеш з людзьмі, якія прыходзяць у рэстаран. І штодзённа табе за гэта капаюць грошы. Аплата таксама штодзённая.
Еўрарадыё: Вы дзесьці спецыяльна вучыліся танцам?
Святлана Маркіяновіч: Там не абавязкова танцаваць прафесійна. Асабіста я хадзіла на курсы, нічога асаблівага. У іх вельмі развітая традыцыя пазіраць на жанчын, якія танцуюць. У іх танцуюць паўсюль, у тым ліку, і арабскія жанчыны.
Еўрарадыё: Як так атрымалася, што ваша дзіця трапіла да прыёмных бацькоў?
Святлана Маркіяновіч: У мяне яго забралі, таму што я паехала ў Ліван на заробкі і пакінула яго на няню на тры месяцы. І так атрымалася, што няня не спраўлялася. Аднойчы яна страціла ўвагу, дзіця пабегла у бок ад дома. Яго ўбачылі і выклікалі людзей з прытулку. Калі я вярнулася, дзіця было там. У нас былі працяглыя разборкі. Суд вызначыў, што дзіця лепш аддаць на ўсынаўленне, бо я неадказная. А ў мяне маці памерла, і не было каму дапамагчы. Я практычна засталася адна, а бабуля старая, дапамагаць не магла. Наколькі я ведаю, дзіця паспяхова ўсынавіла нейкая заможная сям’я. Нібыта ён жыве добра, у дастатку, нібыта там людзі сур’ёзныя. Таму я нават не ведаю, ці варта мне яго вяртаць і ці магчыма гэта ўвогуле. Зноў пачнуцца суды. Уяўляю, колькі гэта выцягне часу і грошай. А так, у яго цяпер поўная сям’я ― і маці, і бацька.
Еўрарадыё: А вы самі не задумваецеся пра сям’ю?
Святлана Маркіяновіч: Не. Я яшчэ не сустрэла надзейнага чалавека. Ні тут, ні за мяжой. У мінулы раз мне здрадзілі, кінулі з дзіцём. Не хачу, каб такое паўтарылася.