Дзяўчына, якая ўцякла з палону, вяртаецца ў Беларусь на наступным тыдні

У аўторак 17-га верасня Еўрарадыё даведалася, што Святлана Маркіяновіч звязалася са сваякамі і паведаміла пра тое, што “ўцякла з палону ад сірыйскіх баевікоў”. Больш жанчына на сувязь не выходзіла.

У той жа дзень Марыя Ваньшына, намесніца кіраўніка прэс-службы МЗС, адкаментавала інфармацыйным агенцтвам, што Святлана “знаходзіцца ў бяспечным месцы, а дыпламаты прапрацоўваюць варыянты яе вяртання ў Беларусь”.

На наступны дзень адзін з дзяржаўных тэлеканалаў паведаміў, што ні  дыпламаты, ні сваякі не ведаюць, дзе Святлана Маркіяновіч.

Звязваемся з пачэсным консулам Беларусі ў Ліване Элі Саркісам. Яго асістэнт пацвярджае “Еўрарадыё”, што Святлана ― пад кантролем дыпламатаў у бяспечным месцы.

Але да канца працоўнага тыдня жанчына ў Мінск так і не прыляцела. Можа, засталася працаваць у Бейруце?

“Гэта немагчыма. Нелегальна перасекчы мяжу, а потым вярнуцца і працаваць, быццам нічога не здарылася, у Ліване нельга, ― сцвярджае Наталля П., спрацоўніца агенцтва J & J, якое займаецца працаўладкаваннем танцоўшчыц у Ліване. ― Нават калі паверыць у версію, што дзяўчаты змаглі нелегальна перасекчы мяжу, а потым фантастычным чынам уцячы з палону, то вярнуцца працаваць у клуб яны не могуць, ні з якой нагоды. Хіба што на хвілінку забегчы туды, каб забраць рэчы. Але ні ў якім разе не працягнуць працу.  Гэта міжнародны скандал, і клубу гэта пагражае сур’ёзнымі праблемамі ці нават закрыццём”.

Звязваемся з Леанідам Быткам, сябрам малдаванкі Карыны Кольца, якая трапіла ў сірыйскі палон разам са Святланай Маркіяновіч (дзяўчат, па іх словах, падманам пераправілі ў Сірыю, калі яны пагадзіліся аказваць эскорт-паслугі).

“Карына тэлефанавала ў чацвер і сказала, што вяртаецца на наступным тыдні, ― паведаміў Еўрарадыё Леанід. ― Вядома дата яе прылёту. І я яе еду сустракаць”.

Мяркуючы па гэтай інфармацыі, Святлана Маркіяновіч ― у бяспецы і на наступным тыдні ўжо павінна быць у Беларусі.

Карына з сябрам Леанідам (незадоўга да вылету жанчыны ў Бейрут)

Фота са старонак герояў матэрылу ў сацсетках

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі