Цёця зняволенай у Сірыі беларускі: Якой бы яна ні была, трэба дапамагчы
Са сваякамі Святланы Маркіяновіч не звязваюцца ні тэрарысты, ні беларускія дыпламаты.
Пра захоп у сірыйскі палон беларускай танцоўшчыцы стала вядома 13 жніўня. Прайшоў тыдзень, а звестак пра нашу зямлячку няма. Байцы, якія паланілі Святлану Маркіяновіч і яе малдаўскую сяброўку Карыну Кольца, дагэтуль не выставілі патрабаванняў.
А ў панядзелак, 19 жніўня прадстаўнік нашай міліцыі выказаўся наконт “сумнеўнага маральнага аблічча” беларускі. Як стала вядома ад сваякоў Святланы Маркіяновіч, яна не першы год працавала ў Ліване танцоўшчыцай і не выхоўвала сваё дзіця, якое ўзялі пад апеку іншыя людзі.
“Які б чалавек ні быў, здарылася бяда, і трэба дапамагаць, вызваляць. А мне ніхто нічога не паведамляе. Сёння я сама патэлефанавала следчаму, — распавядае Еўрарадыё Ірына Канстанцінаўна, цётка зняволенай Святланы. — Мне сказалі, калі нешта будзе вядома — з Міністэрства замежных спраў патэлефануюць і паведамяць. Сказалі, што людзі ў пасольстве працуюць. Больш ніякіх звестак”.
Нагадаем, што 13 жніўня ў сеціве разышоўся відэазапіс, на якім выступілі байцы, назваўшы сябе прадстаўнікамі Свабоднай сірыйскай арміі. Святлана і Ірына пад дуламі зброі прызналіся ў тым, што шпіёнілі на карысць “Хезбалы” — баявой арганізацыі, якая падтрымлівае дзейныя сірыйскія ўлады, з якімі ваююць паўстанцы.
Крыніца ў Дамаску, што мае непасрэднае дачыненне да структуры, якая спрабуе вызваліць беларуску і малдаванку, паведаміла Еўрарадыё: прыкладнае месца, дзе рабілі відэазапіс, вядома. Але, на погляд крыніцы, актыўных дзеянняў па вызваленні Святланы і Карыны афіцыйныя структуры пакуль не прадпрымаюць. Ці жывыя дзяўчаты, дакладна не вядома.
На думку крыніцы, Святлана і Карына маглі быць захоплены ў Ліване і перавезены ў Сірыю. Дзяўчат маглі прыняць за расіянак, і ў такім разе перспектывы іх выкупу былі б больш рэальныя.
Еўрарадыё паспрабавала звязацца з інтэрнэт-карыстальнікамі, якія звязаны з выстаўленнем відэазапісу ў сеціва. Пакуль адказу няма.