Беларуска Святлана Маркіяновіч уцякла з сірыйскага палону

Пазітыўная навіна прыйшла з Сірыі. Святлана Маркіяновіч і яе малдоўская сяброўка Карына Кольца змаглі ўцячы з палону, выявіўшы пры гэтым спрыт і знаходлівасць.

Святлана выходзіла на сувязь з беларускай сям’ёй за два тыдні да пабегу. Праўда, тады распавядаць пра гэта Еўрарадыё не вырашылася — сярод выкрадальнікаў былі рускамоўныя, якія чыталі нашы СМІ. А тэлефанавала Святлана з палону (хутчэй за ўсё, зрабіць званок дазволіў ахоўнік) і скардзілася, што баіцца ўцякаць. Маўляў, усё адно знойдуць і заб’юць. Потым сітуацыя напалілася яшчэ больш.

Аказваецца, выкуп за беларускую і малдоўскую танцоўшчыцу патрабавалі з гаспадара ліванскага гатэля, дзе яны працавалі.

Ім сказалі: “Як толькі прыйдзе выкуп, усё адно заб’ём”. Таму іншага выхаду не было, толькі спадзявацца на саміх сябе. А перажылі дзяўчаты многае, казалі, што нават бамбёжка была ў лічаных метрах ад катэджа, дзе іх трымалі, — перадае апошнюю тэлефонную размову з пляменніцай Ірына Канстанцінаўна, цёця Святланы Маркіяновіч. — Так дзяўчаты рызыкнулі, спусціліся з катэджа па нейкіх канатах і дабеглі да мячэці, якая першай трапілася на шляху. І імам іх схаваў. Ён жа, як я зразумела, выйшаў на дыпламатаў”.

Такім чынам, Святлану і Карыну перавезлі ў Ліван. Цяпер дыпламаты займаюцца адпраўкай дзяўчат дадому — у Беларусь і Малдову. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі