Журналістка, якая ўцякла з палону: Шанцы на выратаванне беларускі ёсць

Анхар Кочнева, вядомая знаўца Усходу і журналістка з Дамаска, змагла каля пяці месяцаў таму ўцячы з палону паўстанцаў. Украінка па паходжанні, Анхар падчас вайны ў Сірыі стала вядомай публічнай асобай, якая безапеляцыйна выступае на баку ўрадавых войскаў. Журналістка займаецца вызваленнем ахвяр з палону і ведае камандзіраў па розныя бакі барыкад. Еўрарадыё стала вядома, што Анхар, як толькі пабачыла відэаролік з удзелам беларускі і малдаванкі, адразу пачала прадумваць варыянты іх вызвалення. Хоць сітуацыя няпростая.

“Я думаю, што гэтыя дзяўчынкі не ўцякуць. Не думаю, што яны добра ведаюць краіну і што ў іх добра з арабскай мовай. Гэта будзе вельмі складана”, — аналізуе Анхар Кочнева.

Еўрарадыё: Як яны маглі там апынуцца? Ехалі, паводле слоў сваякоў, працаваць у Ліван танцоўшчыцамі.

Анхар Кочнева: Праўда? А мы думалі, што яны прыехалі ў Сірыю і выйшлі замуж. Значыцца, іх выкралі з поўначы Лівана і ўвезлі сюды. Я цяпер з арміяй, усіх азадачыла, пачынаем іх шукаць. Я прыкладна разумею, дзе яны і што адбываецца. Я тэлефанавала ў пасольства Беларусі, яны на той момант не былі ў курсе сітуацыі. Зараз будзем нешта рабіць, таму што мы ведаем, што трэба. Пакуль выкрадальнікі толькі размясцілі відэа. Наколькі я валодаю інфармацыяй, канкрэтных патрабаванняў пакуль няма.

Фота Святланы Маркіяновіч з сацыяльных сетак

Еўрарадыё: Як можа развівацца сітуацыя і што з жанчынамі адбываецца цяпер?

Анхар Кочнева: Шанцы на іх выратаванне ёсць. За іх хочуць выкуп, таму, мяркую, яны жывыя.

Еўрарадыё: Як лічыце, ці падвяргаюцца дзяўчаты гвалту?

Анхар Кочнева: Такое можа быць. Усё залежыць ад таго, хто там начальнік групоўкі, якая іх утрымлівае. У мяне быў чалавек больш-менш нармальны. Ён разумеў, што рана ці позна я выйду.

Еўрарадыё: Якая цяпер у Сірыі абстаноўка? Паводле інфармацыі разнастайных тэлеканалаў, краіна падзелена на часткі і сітуацыя неадназначная.

Анхар Кочнева: Паўстанцы кантралююць некалькі месцаў у краіне. Армія іх выцясняе. У чым жа была праблема, чаму бандыты захапілі гарады? План Анана прадугледжваў вывад арміі з гарадоў. Войскі вывелі — і іх захапілі бандыты. Многія вяртаюцца на бок урадавай арміі. Я днямі запісвала інтэрв’ю з былым вайскоўцам, ён перайшоў на той бок. Паглядзеў, што там нічога добрага няма, здаўся і цяпер зноўку працуе тут. Некага прымусам туды пагналі, нехта па дурасці пайшоў, нехта па грошы. Ніякай свабодай і дэмакратыяй там не пахне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі