СК адмовіўся пачынаць крымінальную справу на АМАПаўцаў, якія збілі таксіста
Аляксей Лапа і папера аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы з СК / Блог Гродно s13
Следчы камітэт адказаў адмовай на просьбу гродзенскага таксіста Аляксея Лапы пачаць крымінальную справу байцоў АМАП, якія збілі яго ў жніўні. У СК адказалі, што ў дзеяннях сілавікоў адсутнічае склад злачынства, паведамляе "Блог Гродна s13".
Таксіста дасталі з машыны і збілі 11 жніўня — пасля таго, як ён разам з пасажырамі спрабаваў з'ехаць з месца пратэстаў. Лапа атрымаў мноства пашкоджанняў, яму ўжо правялі дзве аперацыі. Прычым першая праходзіла, калі ён літаральна быў у кайданках.
Па версіі сілавікоў, спрабуючы пазбегнуць затрымання, таксіст наехаў на аднаго з байцоў АМАПу. Той упаў на далоні, ударыўся каленам і локцем. Супраць Аляксея Лапы адразу ж пачалі крымінальную справу за гвалт да супрацоўніка праваахоўных органаў.
У гэтыя дні ў Гродне АляксеяЛапу судзяць. У працэсе абвешчаны перапынак — відэазапіс моманту затрымання таксіста, які зрабілі выпадковыя мінакі, адпраўлены на экспертызу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.