СК: баевікам загадалі спаліць у двары санаторыя электронныя квіткі на вылет

СК: баевікам загадалі спаліць у двары санаторыя электронныя квіткі на вылет

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч у эфіры тэлеканала СТВ распавёў некаторыя дэталі пра справу затрыманых расійскіх баевікоў. 

Па яго словах, з тэлефонаў затрыманых следчыя даведаліся, што тыя чакаюць прыбыцця яшчэ некалькіх расійскіх груп. "Намі была атрыманая інфармацыя пра тое, што яны практычна ўсе маюць сур'ёзнае баявое мінулае: ваявалі на усходзе Украіны. Практычна ўсе належаць да прыватнай ваеннай кампаніі Вагнера. Зразумела, што іншых рашэнняў у дачыненні да ўсіх гэтых грамадзян, акрамя як затрымання і прыняцця іншых працэсуальных мер, не прадугледжвалася", — патлумачыў кіраўнік СК.

Раней прадстаўнікі Расіі казалі, што затрыманая група накіроўвалася ў Турцыю, але не паспела на самалёт, таму затрымалася ў санаторыі пад Мінскам. Аднак афіцыйныя беларускія СМІ з падачы следства звярнулі ўвагу, што група затрымалася на некалькі дзён, за якія ў Турцыю адправіліся чатыры авіярэйсы. 

"Вывучэннем перапіскі ў створаным гэтай групай чаце было высветлена, што электронныя квіткі на вылет з Мінска нібыта 25 лістапада ім была дадзена ад старэйшых груп каманда знішчыць, спаліць прама ў двары санаторыя", — пракаментаваў гэтую інфармацыю Наскевіч.

На допытах затрыманыя, як заяўляе следства, даюць супярэчлівыя паказанні. Пра вылет у Стамбул кажа менш за паловы групы. Астатнія называюць іншыя краіны канчатковым пунктам падарожжа. Але і да тых, хто гаворыць пра Турцыю, у следства ёсць пытанні. "Хтосьці ляцеў загараць, хтосьці адпачываць, хтосьці ахоўваць нейкія аб'екты, а хтосьці агледзець сабор Святой Сафіі. Мы не будзем праводзіць нейкія паралелі, але пытанняў наконт мэтаў і задач з'яўлення гэтых 33 чалавек у Рэспубліцы Беларусь узнікае ўсё больш і больш", — заявіў старшыня Следчага камітэта.

Іншыя падрабязнасці распавёў журнаістам перавозчык Генадзь Кумпан. Па словах мужчыны, ён атрымаў заказ перавезці 33 чалавек з Масквы ў Нацыянальны аэрапорт "Мінск". 

"Такая праца выконваецца ў два этапы ў сувязі з пандэміяй і эпідэміялагічнай сітуацыяй. Расійскі контрагент давозяць людзей да мяжы Расіі і Беларусі. Далей забіраю іх я, адвожу ў пункт прызначэння. У 19:00, па дамоўленасці, 24 ліпеня я прыехаў забраць гэтую групу, але групу не прапусціў расійскі бок, бо ў расійскіх памежнікаў узніклі пытанні па дакументах, якія не давалі падставы для перасячэння мяжы. З 19 гадзін і практычна да паўночы яны вырашалі пытанне пра свой пераход. Затым, як аказалася, нехта затэлефанаваў — і іх прапусцілі", — распавядае перавозчык. Па дарозе  група вырашыла змяніць канчатковы пункт і паехала ў гатэль IBB, кажа Кумпан.

Але варта адзначыць, што ў Беларусь з расійскага боку прыехалі толькі 32 чалавекі. Яны і засяліліся спярша ў гатэль IBB, а потым у санаторый "Беларусачка". 33-га чалавека затрымалі ў Калінкавічах на Гомельшчыне — гэта грамадзянін Беларусі, які некалькі гадоў жыве там з сям'ёй. 

Групу ўдзельнікаў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі "Вагнер" беларускія сілавікі затрымалі ў ноч на 29 ліпеня. Паводле афіцыйнай версіі, яны прыбылі ў Беларусь напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў для падрыхтоўкі тэрактаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі