СК пацвердзіў, што смяротны ўдар ваенкаму мог нанесці супрацоўнік АУС
Сяргей Плескі на Дне прызыўніка ў ваенным камісарыяце Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў / rcity.by
У Следчым камітэце пацвердзілі факт гібелі 38-гадовага вайскоўца, жыхара Рэчыцы, каля рэстарана ў Асіповічах у суботу. Раней СМІ паведамлялі, што ў выніку канфлікту і бойкі ля рэстарана загінуў ваенны камісар Рэчыцкага і Лоеўскага раёнаў, палкоўнік Сяргей Плескі.
У Асіповічах палкоўнік быў у камандзіроўцы на вайсковых вучэннях. Пасля заканчэння вучэнняў прыйшоў з калегамі ў рэстаран.
"У нейкі момант паміж ім і раней незнаёмым яму 25-гадовым мінчанінам, супрацоўнікам органаў унутраных спраў, які знаходзіўся не на службе, разгарэўся канфлікт, падчас якога апошні нанёс удар пацярпеламу. Мужчына памёр на месцы здарэння", — распавялі ў СК.
Мясцовыя жыхары, якія бачылі кадры з камер відэаназірання ля рэстарана, раней расказалі TUT.BY, што быццам пазналі нападніка. Яго завуць Уладзіслаў. Ён родам з Асіповічаў, і тут да гэтага часу жывуць яго сваякі. Суразмоўца партала таксама распавёў, што Уладзіслаў служыць у сілавых структурах і раней ужо ўсчынаў бойкі ў гэтай рэстарацыі.
Асіповіцкі райаддзел СК распачаў у дачыненні да мінчаніна крымінальную справу па ч. 3 арт. 147 КК РБ (нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, што пацягнула смерць). Вырашаецца пытанне аб прымяненні да яго меры стрымання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.